Замяніў 95% трупы, але не заваяваў публіку. Што робіць з беларускім балетам экс-прэм'ер расійскай Марыінкі
Запрошаны з Пецярбурга Ігар Колб за чатыры гады амаль цалкам распусціў і сабраў нанова галоўную балетную трупу Беларусі. Цяпер Нацыянальны тэатр оперы і балета ўпершыню прыехаў на маскоўскія «Летнія балетныя сезоны», бо ў самой Беларусі наватарства балетмайстра выклікала вялікую незадаволенасць сярод тэатралаў.
Ігар Колб. Фота: БелТА
Як вынікае з нядаўняга інтэрв'ю галоўнага балетмайстра тэатра Ігара Колба «Российской газете», яго шлях у Мінску пачынаўся ў цяжкай атмасферы.
Чатыры гады таму, калі былы прэм'ер Марыінскага тэатра ўзначаліў беларускую трупу, ён сутыкнуўся з калектывам, які, паводле яго ж словаў, «быў не зусім канкурэнтаздольным». У штаце са 115 ставак 38 былі вакантнымі. Траціна трупы проста адсутнічала.
Ігар Колб пайшоў на радыкальныя меры. «На сённяшні дзень трупа абнавілася на 95 працэнтаў», — канстатуе ён. Гэтая лічба азначае, што за чатыры гады быў заменены практычна ўвесь артыстычны склад.
Пасля пратэстаў у 2020 годзе тэатр зведаў хвалю звальненняў. Кадравы вакуум, які ўтварыўся пасля палітычных чыстак ва ўсёй культурнай сферы Беларусі, улады пачалі запаўняць спецыялістамі з Расіі. Ігар Колб, ураджэнец Пінска, які 26 гадоў прапрацаваў у Марыінскім тэатры, стаў адным з такіх «антыкрызісных» менеджараў. Ён сфармаваў новую каманду з маладых выпускнікоў і, як сцвярджае, нават прыцягнуў замежнікаў.
Аднак «перазапуск» беларускага балета аказаўся вельмі балючым для публікі.
Новыя пастаноўкі Колба выклікалі хвалю абурэння сярод заўзятых тэатралаў, якія ўбачылі ў іх безгустоўшчыну і «апаганенне святога». Пасля прэм'ер яго балетаў «Скокі (Кармэн-сюіта)» і «Шчаўкунок» сацыяльныя сеткі выбухнулі абуранымі водгукамі. «Балаган», «ціхі жах», «балерыну нясуць, як насілкі з растворам» — такімі эпітэтамі гледачы апісвалі ўбачанае, патрабуючы вярнуць на сцэну класічныя пастаноўкі мэтра беларускага балета Валянціна Елізар'ева.
Сам Ігар Колб у інтэрв'ю «РГ» прызнае: «Іншыя спектаклі, якія мной былі зроблены, выклікалі велізарныя дэбаты. Даходзіла нават да хейту».
Да творчых прэтэнзій неўзабаве дадаліся і абвінавачванні ў плагіяце. Расійскі харэограф Алег Габышаў публічна заявіў, што Ігар Колб прысвоіў яго ідэю балета пра Марка Шагала, якую Габышаў асабіста прэзентаваў кіраўніцтву мінскага тэатра за паўтара года да анонсу аналагічнай пастаноўкі.
На фоне ўнутраных скандалаў гастролі ў Маскве выглядаюць спробай атрымаць прызнанне за мяжой. Прычым у расійскую сталіцу Колб вязе не проста адноўлены спектакль, а сваю новую аўтарскую рэдакцыю балета «Баядэрка». У рэпертуары мінскага тэатра ўжо існавала старая версія, фактычна копія пастаноўкі Марыінскага тэатра. Але, па словах Колба, у яго «з'явіўся шанец прапанаваць сваю рэдакцыю».
Галоўным новаўвядзеннем стаў перароблены фінал, для якога прыйшлося цалкам перапрацаваць музычную партытуру. Так з'явілася свая, арыгінальная версія сусветна вядомага балета. Якую публіка ў Мінску, па словах балетмайстра, прыняла «на здзіўленне ветліва».