Міністр сувязі расказаў, чаго дасягнулі абмежаваннямі на безлімітны інтэрнэт
Міністр сувязі і інфарматызацыі Кірыл Залескі заявіў у інтэрв'ю дзяржаўнаму тэлебачанню, што пасля ўвядзення абмежаванняў на хуткасць безлімітнага мабільнага інтэрнэту нагрузка на сеткі ў Беларусі істотна знізілася.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Кірыл Залескі дадаў, што новыя правілы дзейнічаюць з лютага гэтага года. Паводле іх, абаненты могуць карыстацца інтэрнэтам на максімальнай хуткасці ў межах 30 гігабайтаў трафіку за месяц. Пасля перавышэння гэтага аб'ёму хуткасць зніжаецца да 1 мегабіта за секунду, але аператары прапануюць магчымасць аднавіць высокую хуткасць за дадатковую плату.
Паводле слоў міністра, гэтыя меры дазволілі павялічыць прапускную здольнасць сетак. За мінулы год яна вырасла на 28 працэнтаў, а з пачатку 2026 года — яшчэ на 17 працэнтаў. Упершыню тэмпы развіцця інфраструктуры, маўляў, апярэджваюць рост спажывання інтэрнэт-трафіку.
Да канца года ў Беларусі плануюць увесці ў эксплуатацыю яшчэ 2100 базавых станцый мабільнай сувязі. З іх каля 900 ужо працуюць, а яшчэ 1200 знаходзяцца на этапе будаўніцтва.
Таксама працягваецца пашырэнне пакрыцця ў рэгіёнах. Ва ўсходняй частцы краіны ў сельскай мясцовасці ўжо ўдвая павялічылі выкарыстанне дыяпазону 800 мегагерцаў, а да канца года такія ж работы плануюць завяршыць і на захадзе Беларусі.
Сетка пятага пакалення (5G) ужо даступная ў Мінску і большасці абласных цэнтраў. Аднак, па звестках Міністэрства сувязі, пакуль толькі каля 30 працэнтаў мабільных тэлефонаў, якімі карыстаюцца беларусы, падтрымліваюць гэту тэхналогію.
Чытайце таксама:
У Мінсувязі распавялі, ці вернецца безлімітны інтэрнэт
У Беларусі абмяжоўваюць хуткасць мабільнага інтэрнэту. А якія цэны і ўмовы ў Польшчы і Літве?
Як мабільныя аператары змянілі безлімітныя тарыфы пасля абмежавання хуткасці інтэрнэту
Беларускія аператары прыдумалі, як можна абыходзіць абмежаванні безлімітаў
«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?