Ад анамальнай спёкі ў Еўропе за тыдзень загінулі больш за 1300 чалавек
Больш за 1300 чалавек загінулі ў Еўропе з-за экстрэмальнай спёкі з 21 чэрвеня. Пра гэта паведаміў гендырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Гебрэесус.
Фота: Mindaugas Kulbis / AP
Еўропа, адзначыў ён, з’яўляецца самым хутка награваючымся кантынентам, дзе тэмпература расце ўдвая хутчэй за сярэднесусветныя паказчыкі. Цяпер каля 150 млн чалавек жывуць ва ўмовах экстрэмальнай спёкі, закрываюцца школы, а энергасістэмы адчуваюць павышаную нагрузку.
«Цеплавы стрэс часта называюць «ціхім забойцам», і еўрапейскія дамы, працоўныя месцы і школы не разлічаны на такія тэмпературы», — дадаў ён.
Паводле Reuters, прычынай экстрэмальна высокіх тэмператур стаў так званы амега-блок — атмасферная з’ява, пры якой гарачае паветра надоўга затрымліваецца над рэгіёнам.
Спёка павінна адступіць у другой палове тыдня.
У Беларусі таксама трымаецца моцная спёка, учора ў Брэсце было +37,6, што ёсць абсалютным рэкордам чэрвеня за 145 гадоў метэаназіранняў.