БЕЛ Ł РУС

Жыхар Мінска вырасціў у лесе куст канопляў. А пачалося ўсё з корму для папугая

28.06.2026 / 21:43

Nashaniva.com

У суд перададзена крымінальная справа ў дачыненні да 39‑гадовага жыхара Мінска, якога абвінавачваюць у незаконным набыцці, перавозцы і захоўванні наркатычных сродкаў без мэты збыту, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Фота: pixabay.com

Паводле матэрыялаў справы, летам 2025 года мужчына купіў корм для свайго папугая. Ён сцвярджае, што ў складзе корму былі насенне раслін роду Cannabis. Пасля таго частку насення ён спрабаваў прарасціць дома, але беспаспяхова.

Пасля астатняе насенне мужчына высеяў у лесапаласе ў Мінскім раёне. Праз некаторы час ён вярнуўся на гэтае месца і знайшоў куст канопляў вышынёй каля трох метраў. Расліну ён выкапаў, прывёз дадому, абарваў лісце і пакінуў яго сушыцца.

Падчас ператрусу супрацоўнікі наркакантролю знайшлі ў яго дома больш за 100 грамаў гатовай да ўжывання марыхуаны, а таксама прыстасаванні для курэння. Пасля гэтага была заведзена крымінальная справа.

Паводле пракуратуры, абвінавачаны раней не быў судзімы і афіцыйна не працуе. Яму выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне аж да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Мужчына поўнасцю прызнаў віну і раскаяўся. На час расследавання да яго ўжыта мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Чытайце таксама:

Партугалец спрабаваў увезці ў Беларусь гашыш і марыхуану

Мінчук вырошчваў у кватэры каноплі, каб лячыцца ад болю ў суставах

Марыхуана НЕ бясшкодная, паказваюць новыя даследаванні

Гамяльчук выносіў наркотыкі з бальніцы, хаваючы іх у роце

У Мінску мужчына перакуліў у краме дзве скрынкі віна, але судзіць яго будуць не за гэта

Каментары да артыкула