Пекла ў Еўропе: самы гарачы чэрвеньскі дзень у гісторыі ў Германіі і Вялікабрытаніі, адменены канцэрты, колькасць загінулых расце
На працягу пятніцы многія краіны Еўропы працягвалі перажываць надзвычай спякотнае надвор’е. Там-сям было +41°С.
Фота: Christophe Ena / AP
Адразу некалькі дзяржаў кантынента зафіксавалі самыя гарачыя чэрвеньскія дні ў гісторыі: такія рэкорды былі пастаўлены ў Германіі, Бельгіі і Нідэрландах. У Вялікабрытаніі новыя рэкорды тэмпературы чэрвеня ставяцца ўжо трэці дзень запар, піша Бі-бі-сі.
У Германіі самая высокая тэмпература ў гісторыі была зафіксавана ў горадзе Саарбрукен на паўднёвым захадзе краіны (ён знаходзіцца каля мяжы з Францыяй). Там у пятніцу слупок тэрмометра падняўся да 41,3 градуса Цэльсія.
У суседняй Францыі пікавыя тэмпературы, як і ў Вялікабрытаніі, адзначаліся тры дні запар. Хоць спякота там, верагодна, ужо дасягнула максімальнай адзнакі, міністр аховы здароўя Стэфані Рыс заявіла, што многія людзі паміраюць з-за спёкі ў сваіх дамах.
Афіцыйная прадстаўніца Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі Клэр Нуліс папярэдзіла, што такое надвор’е «вельмі моцна ўплывае» на здароўе людзей, экасістэмы, сельскую гаспадарку і сітуацыю на працоўных месцах. «На жаль, нам давядзецца да гэтага прывыкнуць», — адзначыла яна.
Спёка рухаецца на ўсход Еўропы
У пятніцу хваля спёкі ў Еўропе пачала перамяшчацца на поўнач і ўсход кантынента.
Бельгійскія метэаролагі неафіцыйна пацвердзілі, што ў горадзе Кляйнэ-Брогель каля мяжы з Нідэрландамі была зафіксавана тэмпература 40 градусаў Цэльсія. У паўднёва-ўсходняй правінцыі Лімбург у Нідэрландах яна склала 39,4 градуса. Тым часам у Вялікабрытаніі ў пятніцу найцяплей было ў графстве Сафалк: 37,3 градуса. Гэта чарговы пабіты чэрвеньскі тэмпературны рэкорд, які да гэтага года трымаўся 50 гадоў.
З-за спякоты ў пятніцу было адменена шмат цягнікоў, закрыта каля 600 школ, пра крытычную сітуацыю і вялікую колькасць пацыентаў паведамілі шэсць рэгіянальных аддзяленняў Нацыянальнай сістэмы аховы здароўя. Колькасць выклікаў хуткай дапамогі ў Лондане на фоне спёкі вырасла на 50%.
Паводле даных агенцтва AFP, у пятніцу на еўрапейскім кантыненце прынамсі 150 мільёнаў чалавек перажывалі тэмпературу вышэй за 35 градусаў Цэльсія.
Метэаролагі ў Чэхіі лічаць, што ў суботу можа быць пабіты рэкорд 40,4 градуса, устаноўлены ў 2012 годзе. Іх калегі ў Аўстрыі прагназуюць новы тэмпературны рэкорд у нядзелю.
Рэкордная спякота таксама назіраецца на Балканах: у Сербіі ў выхадныя чакаецца да 39 градусаў.
У Швейцарыі атамная электрастанцыя Бецнау была адключана ад нацыянальнай энергасістэмы, бо тэмпература вады ў рацэ Арэ, якая выкарыстоўваецца для астуджэння, дасягнула 25 градусаў. Лічыцца, што гэта занадта высокі паказчык для эфектыўнага астуджэння рэактараў.
Еўропе становіцца складаней за ўсё
Паводле спецыялістаў міжнароднага навуковага кансорцыума World Weather Attribution, у Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі і на поўдні Англіі тэмпературы перавышаюць звычайныя сезонныя паказчыкі на 5—12 градусаў Цэльсія. Прычынай стала вобласць павышанага атмасфернага ціску.
Кансорцыум устанавіў, што тэмпературы чэрвеня растуць хутчэй, чым у іншых месяцах года, і цяперашняя хваля спёкі стала «самай экстрэмальнай з усіх зафіксаваных раней».
Кліматычныя змены прыводзяць да павышэння тэмпературы ва ўсім свеце, але асабліва гэта датычыцца Еўропы. Паводле Службы кліматычнага маніторынгу ЕС Copernicus, кантынент награваецца ўдвая хутчэй, чым у сярэднім па свеце.
З-за моцнай спякоты раніцай у пятніцу выйшаў з ладу цягнік Eurostar, які рухаўся з Кёльна ў Парыж: ён спыніўся на ўсход ад Бруселя. У цягніку было каля 400 пасажыраў, трое былі шпіталізаваныя ў якасці меры засцярогі, паведамляе агенцтва Belga.
У Парыжы адменены два маштабныя публічныя мерапрыемствы, якія павінны былі адбыцца ў выходныя. Мясцовыя ўлады заявілі, што бальніцы перапоўненыя і рэсурсы трэба накіраваць на дапамогу найбольш уразлівым.
Сярод адмененых падзей — парыжскі прайд (парад ЛГБТ-супольнасці), які перанеслі на верасень, а таксама музычны фестываль Solidays. Яшчэ адно мерапрыемства — спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы на стадыёне «Стад Шарлеты» — адбудзецца ў нядзелю, але пазней, у больш прахалодны час.
У Нідэрландах гледачы ўжо прыехалі на фестываль Defqon.1, але яго адмянілі пасля абвяшчэння чырвонага ўзроўню небяспекі. Пасля гэтага пачаліся беспарадкі, якія давялося спыняць паліцыі.
У Германіі таксама адменена шмат мерапрыемстваў, у тым ліку паўмарафон у Гамбургу.
Смерці ў Францыі і Іспаніі
Міністр аховы здароўя Францыі папярэдзіла, што экстрэмальная спякота прывядзе да смерцяў людзей. Улады падрыхтавалі экстраныя планы для ўсіх бальніц Парыжа і ваколіц.
Тым часам у Марселі памёрла 18‑месячнае дзіця, якое знайшлі ў машыне. Гэта не адзіны такі выпадак: раней у Францыі загінулі дзеці ў падобных абставінах.
З пачатку спякоты ў Францыі таксама патанулі 55 чалавек, дзве траціны з іх — у месцах без ратавальнікаў.
У Іспаніі ад высокай тэмпературы з нядзелі па чацвер загінулі 327 чалавек, прычым большая частка смерцяў прыпала на апошнія дні. Аднак спякота там ужо пачала слабець.
Тым часам навукоўцы ў Швейцарыі папярэджваюць, што да панядзелка можа растаць увесь зімовы запас лёду, пасля чаго пачнецца раставанне саміх леднікоў. Звычайна гэта адбываецца ў жніўні, але цяпер працэс ідзе значна хутчэй — як у 2022 годзе, калі было страчана да 6% аб’ёму леднікоў.
У Беларусі ўчора максімальная тэмпература была амаль +31°С. у ваколіцах Брэста і ў Кобрыне.
Але самая спёка прыпадзе на выходныя і панядзелак. Сёння ў Брэсцкай вобласці чакаецца да +35°С, у Мінску да +29°С.
У Брэсцкай вобласці ў панядзелак можа быць да +39°С, у Мінску да +35°С. У краіне абвясцілі апошні чырвоны ўзровень небяспекі.
Чытайце таксама:
У Нідэрландах з-за спёкі адмянілі адзін з найбуйнейшых фестываляў электроннай музыкі