БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка загадаў прапускаць у Беларусь украінскіх грыбнікоў і ягаднікаў. Ва Украіне адрэагавалі

25.06.2026 / 18:05

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб'ёвым заявіў, што даручыў беларускім памежнікам разам з уладамі Гомельскай і Брэсцкай абласцей прапрацаваць магчымасць спрашчэння доступу для грамадзян Украіны ў прымежныя раёны Беларусі для збору ягад і грыбоў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Па словах Лукашэнкі, жыхары ўкраінскага памежжа на працягу многіх гадоў прыязджалі на беларускую тэрыторыю для збору дзікаросаў і атрымлівалі ад гэтага дадатковы заробак — да 5‑6 тысяч даляраў. Лукашэнка адзначыў, што многія ўкраінцы добра ведаюць мясцовыя лясы і балоты, часам нават лепш за беларускіх жыхароў.

«Яны ведаюць лепш за нас гэтыя месцы. Збіралі гэтыя дзікаросы і прадавалі. Мы ж разумеем, што там складана і цяжка», — паспачуваў ён украінцам.

Лукашэнка падкрэсліў, што беларускі бок гатовы аднавіць такую практыку, нягледзячы на складаную сітуацыю ў рэгіёне. Пры гэтым ён заявіў, што не бачыць істотных пагроз бяспецы, бо беларускія службы здольныя кантраляваць людзей, якія будуць перасякаць мяжу з мірнымі мэтамі.

Раней Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла, што ўкраінскаму дыпламатычнаму прадстаўніку была перададзена афіцыйная нота з прапановай арганізаваць спрошчаны парадак пропуску грамадзян Украіны для збору дзікарослых ягад, грыбоў і іншых лясных дароў. Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт, калі б раптам украінцы згадзіліся, для гэтага плануецца выкарыстоўваць тры спецыяльныя ўчасткі пропуску паміж украінскай Ровенскай і беларускай Брэсцкай абласцямі.

Прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка, каментуючы выказванні Лукашэнкі для выдання «РБК-Украіна» нагадаў, што зараз «дзейнічаюць абмежаванні на памежжы».

«Ды і ў цэлым, мяжа з Беларуссю — гэта небяспека ў цэлым», — канстатаваў ён.

Прадстаўнік ДПСУ патлумачыў, што гаворка ідзе як пра пагрозы для ўкраінцаў на тэрыторыі іншай дзяржавы (з боку Беларусі), так і пра рэальныя фізічныя перашкоды.

«Ёсць і мінна-выбуховыя загароды на мяжы з Беларуссю… Ёсць і далейшае нарошчванне інжынернага і фартыфікацыйнага ўмацавання», — паведаміў Дземчанка.

Ацэньваючы заяву Памежнага камітэта Беларусі, прэс-сакратар ДПСУ заўважыў, што «гэта такое, напэўна, задобрыванне з боку Беларусі, у цэлым іх сітуацыі». «І спадзяюцца, што тым самым Украіна… Я не ведаю… Пагодзіцца на такую прапанову».

Але прэс-сакратар ДПСУ падкрэсліў, што пакуль

«Беларусь не спыніць падтрымліваць краіну-тэрарыстку, ніякіх змен па мяжы — не будзе». 

Чытайце таксама:

Лукашэнка назваў украінскія войскі на мяжы з Беларуссю «механізатарамі і даяркамі»

«Трэба дамаўляцца істотна». Лукашэнка расказаў пра сустрэчу з прадстаўнікамі Зяленскага

Дзяржпрэса выдаліла тэкст хамскага выступлення пасла Дапкюнаса ў АБСЕ

«Трымайце сваіх кіеўскіх гадаванцаў пад кантролем». Прадстаўнік Беларусі ў АБСЕ выступіў з хамскай прамовай

«Спачатку пагрозу прыдумаў, потым сам яе перамог». Прапаганда абвяргае Зяленскага, сцвярджае, што рэтранслятараў не здымалі, бо іх не было

Каментары да артыкула