БЕЛ Ł РУС

Асноўнай рэакцыяй на Пуціна, Лаўрова, Пяскова ў расійскім тэлеграме стаў клоўн

25.06.2026 / 17:09

Сяргей Гезгала

У настроях расійскага грамадства назіраецца тэктанічны зрух.

Уладзімір Пуцін. Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Магчымасць пакідаць рэакцыі засталася не ва ўсіх расійскіх праўладных і праваенных каналах. А там, дзе яна засталася, часта адбываюцца накруткі, часам нават з першых хвілін існавання допісу. Дзейнічаюць і фабрыкі ботаў, якія пакідаюць адпаведныя каменты і накручваюць лайкі пад імі.

Але пасты без накрутак, калі яны пападаюцца, дазваляюць прасачыць эвалюцыі расійскай грамадскай думкі.

Некаторы час назад «клоўны» і «дызлайкі» сталі асноўнай рэакцый у тэлеграм-каналах на любыя з’яўленні і выказванні Дзмітрыя Пяскова, Сяргея Лаўрова, Сяргея Шайгу. У чэрвені гэтага года «клоўн» стаў асноўнай рэакцыяй і на Пуціна.

Вось скрыншоты з лаяльнага Крамлю канала Shot па стане на 24 чэрвеня. Пад паведамленнем пра ўстановачныя заявы Уладзіміра Пуціна: «расійскія войскі наступаюць…», «Кіеў толькі спрабуе рабіць выгляд…» — смех, малпы, дызлайкі. Рэакцыі «клоўн» у асартыменце Shot няма.

А вось рэакцыі на заявы Пуціна і Пяскова ў Z-канале «Беларускі сілавік» па стане на 24 чэрвеня.

«Расійскія войскі наступаюць, занялі Канстанцінаўку…» — клоўны.

«Краіны Захаду рыхтуюць вайну з Расіяй…» — клоўны.

«Сітуацыя для Кіева на фронце горшае дзень пры дні…» — клоўны.

Унутры Расіі СМІ несвабодныя, а сацыялогія перастала быць незалежнай, сацыёлагі скажаюць вынікі сваіх даследаванняў пад ціскам рэпрэсіўных органаў. Змены ў грамадскай думцы даводзіцца адсочваць па ўскосных прыкметах.

Імперыялістычная вайна ва Украіне зайшла ў тупік. Здаецца, менавіта дальнабойныя ўдары, якія Украіна інтэнсіфікавала з вясны гэтага года, змусілі насельніцтва Расіі памяняць сваё стаўленне. Рэчаіснасць, дадзеная ім у адчуванні, разышлася з тым, што кажа Пуцін.

Можна чакаць, што і на апошніх Z-каналах магчымасці выбраць рэакцыі «клоўн» і «гаўно» больш не застанецца. Расійскія ўлады і іх мінскія элементы вераць, што яны могуць сродкамі сацыяльнай інжынерыі трымаць свае народы ў штучна сканструяванай рэальнасці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула