Сірыйскі інвестар уклаўся ў калгас-банкрут на Браслаўшчыне. Які вынік?
Дзяржаўныя СМІ тры гады таму гучна анансавалі праект сірыйскіх інвестараў у Браслаўскім раёне: паведамлялася, што сірыйскія інвестары выкупілі на конкурсных таргах збанкрутаваны дзяржаўны вытворча-маёмасны комплекс «Межаны» амаль за 702 тысячы рублёў.
Інвестары прэзентуюць праект у Браслаўскім райвыканкаме, люты 2023 года. Фота: braslav-star.by
Інвестары абавязаліся не менш за пяць гадоў захоўваць сельгасспецыялізацыю, штогод укладаць не менш за 300 тысяч рублёў і захаваць, а таксама пашырыць колькасць працоўных месцаў.
Да таго «Межаны» спецыялізаваліся на вырошчванні трусікаў і вырабе малака, сірыйцы ж планавалі дадаткова запусціць таксама авечкагадоўлю.
Сам комплекс складаўся з 12 фермаў, меў амаль 13 тысяч гектараў зямлі ў распараджэнні.
Будынкі фермаў «Экзіт прайм». Фота: БелТА
Праз тры гады комплекс пад новым кіраваннем не толькі не выйшаў на самаакупнасць, але стабільна не можа разлічыцца з пастаўшчыкамі, пайшоўшы у мінус.
Станам на 12 чэрвеня 2026‑га запазычанасць «Экзіт прайм» складае 737,6 тысячы рублёў, тады як усе актывы — 579,3 тысячы рублёў. Усе супрацоўнікі звольнены, застаўся толькі дырэктар. Пастаўшчыкі і крэдыторы спрабуюць спагнаць свае грошы праз суд.
Для справядлівасці трэба сказаць, што хаця ў дзяржаўнай прэсе праект падаваўся як «сірыйскі», у рэальнасці ў «Экзіт прайм» два ўласнікі, і адзінаму з іх сірыйцу — Сетахі Гайсаму — належыць толькі 24% акцый. Астатняе — у мінчука Мікалая Сопіна.