БЕЛ Ł РУС

Чаму футбалісты на чэмпіянаце свету выходзяць на поле ў дзіравых гетрах

24.06.2026 / 17:30

Антось Жупран

На чэмпіянаце свету хапае галоў, эмоцый і нечаканых развязак. Але ёсць яшчэ адна дэталь, якая кідаецца ў вочы гледачам: многія футбалісты выходзяць на поле ў гетрах з выразанымі дзіркамі. Навошта яны гэта робяць?

Лерой Санэ наносіць удар па варотах у матчы чэмпіянату свету паміж зборнымі Германіі і Кюрасаа. 14 чэрвеня 2026 года. На яго гетрах добра відаць выразаныя дзіркі. Фота: Leslie Plaza Johnson / Icon Sportswire via Getty Images

Мода на дзіравыя гетры, як расказвае выданне The Athletic, з'явілася як мінімум восем гадоў таму і з таго часу толькі набірае папулярнасць. Часам некалькі гульцоў адной каманды выходзяць на поле з аднолькава разрэзанымі гетрамі, нібы гэта прадугледжана дызайнам формы. Насамрэч большасць такіх адтулін футбалісты робяць самастойна перад матчамі.

Прычына, як правіла, вельмі простая — камфорт. Сучасныя футбольныя гетры звычайна вырабляюць з поліэстру. Гэты матэрыял добра трымае форму, не так моцна ўбірае вільгаць і вытрымлівае вялікія нагрузкі. Але ёсць і адваротны бок: тканіна можа даволі шчыльна аблягаць нагу.

Гетры Неймара з характэрнымі выразанымі дзіркамі падчас матча чэмпіянату свету 2018 года паміж зборнымі Бразіліі і Швейцарыі. 17 чэрвеня 2018 года. Фота: Matthew Ashton — AMA / Getty Images

Некаторыя футбалісты лічаць, што занадта тугія гетры ствараюць ціск на ікраножныя мышцы. Каб пазбавіцца ад гэтага адчування, яны выразаюць у тканіне некалькі невялікіх адтулін. Паводле іх меркавання, гэта зніжае напружанне ў мышцах, паляпшае кровазварот і дапамагае пазбегнуць сутаргаў падчас матча.

Акрамя фізічнага камфорту, сваю ролю адыгрывае і псіхалогія. Спартсмены традыцыйна вельмі ўважліва ставяцца да дробязяў, якія могуць уплываць на іх упэўненасць.

Былы нападаючы «Вест Хэм Юнайтэд» Фрэнк Нубле ў інтэрв'ю яшчэ ў 2023 годзе тлумачыў гэта простай формулай: «Добра выглядаеш — лепш сябе адчуваеш. Лепш сябе адчуваеш — лепш гуляеш. Галоўнае, каб на полі было як мага зручней».

Таму многія футбалісты гатовыя эксперыментаваць з экіпіроўкай у пошуках дадатковага камфорту.

Што кажуць медыкі пра дзіркі

Аднак навуковых доказаў таго, што дзіркі ў гетрах сапраўды дапамагаюць палепшыць фізічны стан гульцоў, пакуль няма. Даследаванні не пацвярджаюць ні зніжэння рызыкі траўмаў, ні паляпшэння кровазвароту дзякуючы такой практыцы.

Больш за тое, з медыцынскага пункту гледжання для паляпшэння цыркуляцыі крыві часта выкарыстоўваюцца якраз кампрэсійныя шкарпэткі, якія шчыльна аблягаюць нагу. Яны дапамагаюць памяншаць ацёкі і спрыяюць аднаўленню пасля нагрузак. Таму сцвярджэнне, што аслабленне гетраў паляпшае кровазварот, выглядае спрэчным.

Аўстралійскі футбаліст Мэцью Лекі ў матчы супраць ЗША на чэмпіянаце свету 2026 года. На яго гетрах добра відаць выразаныя дзіркі. 19 чэрвеня 2026 года. Фота: MB Media/Getty Images

Вытворцы спартыўнай экіпіроўкі таксама сцвярджаюць, што сучасныя гетры распрацоўваюцца з улікам патрэб прафесійных спартсменаў. Новыя матэрыялы дазваляюць спалучаць трываласць і эластычнасць, а ў канструкцыю гетраў уключаюцца спецыяльныя зоны амартызацыі, вентыляцыі і кампрэсіі.

Пры гэтым некаторыя брэнды сапраўды робяць гетры больш шчыльнымі, каб яны лепш трымалі форму і каб лагатыпы заставаліся добра бачнымі. Магчыма, менавіта таму частка футбалістаў адчувае дыскамфорт і спрабуе вырашыць праблему пры дапамозе нажніцаў.

Не ўсе ў футбольным свеце вераць у эфектыўнасць такога падыходу. Былы абаронца зборнай Англіі і «Манчэстэр Юнайтэд» Гары Нэвіл неаднаразова выказваў сумневы наконт неабходнасці рэзаць гетры. На яго думку, прафесійныя футбалісты маюць доступ да індывідуальна падабранай экіпіроўкі, таму пры жаданні могуць атрымаць гетры патрэбнага памеру без дадатковых мадыфікацый.

Нягледзячы на скептыцызм спецыялістаў, дзіравыя гетры працягваюць заставацца часткай сучаснага футбола. Пакуль футбалісты лічаць, што такая дробязь дапамагае ім лепш выступаць на полі, мода на гетры з дзіркамі наўрад ці хутка знікне.

Чытайце таксама:

У «разумных» футболках «Найка» дзіўна паводзяць сябе плечы. Кампанія прызнала праблему

Чаму на мундыялі так шмат футбалістаў гуляюць у ружовых буцах?

Чаму Gucci зрабіў прадстаўніком брэнда Арыну Сабаленка?

Каментары да артыкула