БЕЛ Ł РУС

Мужчына з Барысава скраў у мінчанкі грошы, а пасля на іх жа запрасіў яе ў кавярню

22.06.2026 / 16:17

Nashaniva.com

У Партызанскае РУУС Мінска звярнулася жанчына, якая паведаміла пра крадзеж грошай з кватэры. Праведзенае следства паказала, што тут не абышлося без пэўнай рамантыкі.

Скрыншот з відэа

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку высветлілі, што напярэдадні ў жанчыны гасцяваў 42‑гадовы знаёмы з Барысава. Паводле слоў пацярпелай, яна запрасіла сябра ў госці, бо перажывала цяжкі эмацыйны перыяд і хацела выгаварыцца.

Падчас размовы гаспадыня паказвала госцю прадметы інтэр'еру, у тым ліку дэкаратыўную шкатулку, у якой захоўваліся грошы. Мужчына звярнуў на гэта ўвагу.

Раніцай, калі жанчына выйшла ў ванны пакой, ён скарыстаўся момантам і выкраў са шкатулкі 100 даляраў ЗША, пасля чаго паехаў дадому. Па дарозе частку скрадзенай сумы абмяняў у абменным пункце.

Праз некаторы час мужчына прапанаваў мінчанцы сустрэцца на абед у кавярні. Пры гэтым за яго ён расплаціўся менавіта тымі грашыма, якія раней скраў у жанчыны. Астатнія ж грошы выдаткаваў на асабістыя патрэбы.

Цяпер у дачыненні да барысаўца завялі крымінальную справу па факце крадзяжу.

Чытайце таксама:

Беларускі маньяк сядзіць у Расіі і прыдумляе сабе новыя крымінальныя справы, каб не вяртацца ў турму, дзе яго катуюць

У Гродне дзяўчатам 14 і 15 гадоў пагражае калонія за шопінг у інтэрнэце

У Салігорску мужчына пагарэў на крадзяжы хатняга варэння

У Лепельскім раёне мужчына ўпаляваў ваўка, і гэта стала пачаткам непрыемнасцяў

Каментары да артыкула