У Маларыцкім раёне знайшлі рэдкую расліну
Архідэя венерын чаравічак сапраўдны — від з Чырвонай кнігі. Расліна капрызная: ёй патрэбныя карбанатныя глебы, асаблівая вільготнасць і асвятленне, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».
Фота Юрыя Янкевіча
Насенне ў архідэй амаль мікраскапічных памераў, таму чатыры гады, пакуль не з’явіцца першы зялёны ліст, расліна сілкуецца дзякуючы грыбам-сімбіёнтам. А зацвітае гэтая і іншыя архідэі толькі праз 15—17 гадоў пасля прарастання.
Эксперт кампаніі «Дзікая прырода» Юрый Янкевіч год таму даследаваў лясы Маларыцкага раёна і знайшоў не толькі месцы з венерыным чаравічкам. Гэтым разам ён выявіў 42 месцы з 18 відамі чырванакніжных сасудзістых раслін, імхоў і грыбоў, якія таксама патрабуюць аховы, і падрыхтаваў пашпарты і ахоўныя дакументы.
Без такіх мер біяразнастайнасць нашай прыроды рызыкуе моцна збядніцца: калі ў гэтых мясцін не будзе ахоўнага статусу, то яны могуць быць раптам знішчаны.
Цяпер 233,4 гектары з рэдкімі відамі ўзяты лясгасам і інспекцыяй Мінпрыроды пад ахову — тут не будзе высечак і разворвання (рашэнне № 685 Маларыцкага райвыканкама ад 24 красавіка 2026 года). Расліны могуць расці спакойна.
Чытайце таксама:
У Белавежскай пушчы знайшлі рэдкую архідэю
Батанічны сад запрашае на выставу архідэй
У Віцебску паставілі кветнік у форме дзяўчыны з васількамі ФОТА