Пакаленне Z баіцца званіць у дзверы
Смартфоны фактычна перапісалі этыкет візітаў, прынамсі для моладзі. Калі раней прыход у госці пачынаўся са званка ў дзверы або стуку ў іх, то цяпер — з паведамлення ў месенджары ці тэлефанавання.
Ілюстрацыйны малюнак, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту
Звычайнае для многіх людзей дзеянне — пазваніць у дзверы або пастукаць, калі прыходзіш у госці, — паступова страчвае папулярнасць сярод прадстаўнікоў пакалення Z. Замест гэтага маладыя людзі ўсё часцей дасылаюць паведамленне або тэлефануюць гаспадару дома, каб паведаміць пра свой прыход.
Пра гэта сведчыць апытанне, праведзенае ў Вялікабрытаніі кампаніяй Uswitch.com, на якое звяртае ўвагу Daily Mail. У даследаванні ўдзельнічалі 2000 чалавек. У сярэднім 14% апытаных заявілі, што аддаюць перавагу тэлефанаванню або паведамленню замест выкарыстання дзвярнога званка.
Аднак паводзіны істотна залежаць ад узросту. Сярод прадстаўнікоў пакалення Z, якія нарадзіліся прыкладна паміж сярэдзінай 1990‑х і пачаткам 2010‑х гадоў, так робіць ужо траціна апытаных (33%). Сярод міленіялаў гэты паказчык складае 23%.
У рамках апытання даследчыкі таксама спыталі рэспандэнтаў аб прычыне іх выбару.
Для многіх маладых людзей паведамленне ў тэлефоне здаецца менш назойлівым спосабам паведаміць пра свой прыход. Амаль чатыры з дзесяці (39%) прадстаўнікоў пакалення Z, якія пішуць тэкставыя паведамленні або тэлефануюць, а не карыстаюцца званком у дзверы, адзначылі, што так яны менш турбуюць гаспадароў. Яшчэ каля пятай часткі (19%) лічаць, што званок у дзверы выглядае занадта афіцыйным.
Некаторыя ўдзельнікі апытання таксама адзначылі практычны бок пытання. Амаль чвэрць маладых людзей (23%) заявіла, што сябры хутчэй заўважаць паведамленне або пачуюць тэлефонны званок, чым стук у дзверы.
Эксперты звязваюць гэтую тэндэнцыю з тым, што смартфоны сталі цэнтральным інструментам сацыяльных зносін. Калі раней кароткія рытуалы сустрэчы адбываліся непасрэдна каля ўваходных дзвярэй, то цяпер значная частка такой камунікацыі перамясцілася ў мабільныя праграмы і месенджары.
Гэта стварае парадаксальную сітуацыю ў сферы тэхналогій: у той час як прылады для ўваходных дзвярэй становяцца ўсё больш дасканалымі — з камерамі, доступам да Wi-Fi і сістэмамі галасавой сувязі — людзі карыстаюцца імі ўсё радзей.
Чытайце таксама:
Зумеры, альфа, міленіялы — хто гэта такія? Тлумачым