Ціханоўская заклікала Калас закрыць шчыліны ў санкцыях супраць Лукашэнкі
Учора Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай еўрапейскай дыпламатыі ў штаб-кватэры Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў у Бруселі.
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя некалькі пытанняў, паведамляе прэс-служба дэмакратычнай лідаркі Беларусі.
У прыватнасці, было абмеркаванае вызваленне палітвязняў і кантакты з ЗША па гуманітарным трэку; вынікі нядаўняга візіту Ціханоўскай ва Украіну і развіццё супрацоўніцтва з украінскім бокам; узмацненне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і закрыццё шчылін у санкцыйным рэжыме.
Таксама была абмкеркаваная падтрымка незалежных медый, праваабаронцаў, грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных інстытутаў; захаванне мабільнасці беларусаў і выдачы шэнгенскіх віз; сітуацыя з бяспекай у рэгіёне і супрацьдзеянне расійскай дэзінфармацыі.
Ціханоўская перадала Каі Калас шэраг аналітычных дакументаў і расказала пра ўдзел беларускай грамадзянскай супольнасці ў абароне выбараў у Арменіі і Малдове ад расійскага ўплыву, магчымасці нацыянальнага дыялогу як аднаго з інструментаў мірнага выхаду з крызісу.
Дэмакратычная лідарка падкрэсліла, што вызваленне ўсіх палітвязняў, поўная амністыя і спыненне рэпрэсій павінны стаць першымі крокамі да нацыянальнага дыялогу і вырашэння крызісу ў Беларусі.