БЕЛ Ł РУС

Аўтобус з беларускімі дзецьмі, што трапіў пад удар у Бранскай вобласці, вярнуўся на радзіму

18.06.2026 / 07:24

Nashaniva.com

Аўтобус вярнуўся ўчора вечарам.

Пасажыры аўтобуса, які трапіў пад удар у Бранскай вобласці, вярнуліся ў Рэчыцу, піша БелТА.

У рэчычанкі Наталлі Мурашкі ў аўтобусе, які трапіў пад удар, ехалі двое дзяцей — сын Іван і дачка Аляксандра.

«Я перажыла шок, калі пачула пра тое, што здарылася. І першае пытанне было: ці жывыя дзеці. Дзякуй Богу, дзеці жывыя», — падзялілася эмоцыямі жанчына ў момант чакання прыбыцця аўтобусаў у Рэчыцу.

Яна расказала, што спачатку на сувязь выйшаў сын і паведаміў, што ў іх усё добра.

«А калі патэлефанавала дачка і сказала, што яны перасеклі мяжу, эмоцыі нахлынулі: дзякуй Богу, што дома. Госпадзе, не трэба нам ніякага Геленджыка, мы і на Дняпры адпачнём, у Беларусі, з дзецьмі», — дадала жанчына.

У Геленджык накіроўваўся і сын Аксаны Бандарэнкі — Уладзіслаў. Ён ехаў не ў аўтобусе, які пацярпеў ад атакі.

«Я была на працы, калі мне патэлефанавалі і спыталі, дзе мой сын. Я адказала: з'ехаў. А мне кажуць: няўжо ты не ведаеш, што здарылася? І я проста прысела. Калі сказалі, што невядома, які аўтобус пацярпеў, гэта было проста… словамі не перадаць. Для мяне гэта быў страшны дзень», — апісала свае пачуцці жанчына.

«А калі пачула голас сына з Бранска, гэта было галоўнае — проста пачуць яго. Калі б з ім нешта здарылася, я б усё жыццё сябе вінаваціла», — не хавала эмоцый маці.

Момант пасля атакі беспілотніка апісаў пасажыр пацярпелага аўтобуса — хлопчык Данііл.

«Я ўбачыў, што прыкладна трох частак шкла не было. Іх выбіла. Потым пачалі выводзіць хлопчыкаў, якія пацярпелі. У аднаго хлопчыка ўвесь твар быў у крыві. Аднаго павёз цывільны мужчына ў найбліжэйшы шпіталь, таму што ён на некалькі секунд страціў прытомнасць. Я вельмі спалохаўся», — расказаў Данііл.

17 чэрвеня ў Бранскай вобласці быў пашкоджаны аўтобус, які перавозіў дзяцей з футбольнай каманды дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы №2 горада Рэчыцы, а таксама навучэнцаў прыватнай танцавальнай студыі. Як сцвярджаюць расійскія ўлады, удар быў нібыта нанесены ўкраінскім беспілотнікам.

У выніку здарэння загінула жанчына, якая суправаджала групу дзяцей і была жонкай трэнера каманды. Яшчэ восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

Чытайце таксама:

Украінскі амбудсмен пасля трагедыі ў Бранскай вобласці звязаўся з Беларуссю

Віцэ-губернатар Гомельшчыны пра інцыдэнт пад Бранскам: Перавозчыкі выбралі небяспечны маршрут практычна ў прыфрантавой зоне

Пяскоў расказаў пра адказ Расіі пасля ўдару па беларускім аўтобусе пад Бранскам

Каментары да артыкула