Што вядома пра жанчыну, якая загінула ў аўтобусе, што вёз беларускіх футбалістаў-школьнікаў у Геленджык?
удакладнена
Сваім родным горадам у сацсетках Вікторыя Грыцэнка пазначала Луганск. Але шмат гадоў яна пражыла ў Беларусі.
Вікторыя Грыцэнка з мужам Аляксеем Гарошкам. Фота: «УКантакце»
Вікторыя Грыцэнка (Гарошка), жонка дзіцячага трэнера Аляксея Гарошкі, суправаджала футбалістаў-школьнікаў з Рэчыцы падчас паездкі ў Геленджык (Краснадарскі край Расіі). Аўтобус ехаў па трасе Гомель — Бранск, калі ў яго прыляцеў дрон. Вікторыя загінула.
Жанчыне было 44 гады. Яе муж Аляксей, хутчэй за ўсё, зараз паранены і знаходзіцца ў цяжкім стане (Рэчыцкі райвыканкам паведамляў пра шпіталізаванага трэнера-выкладчыка).
Аляксей шмат гадоў працуе ў ДЮСШ №2 Рэчыцкага раёна — яго выхаванцы рэгулярна ўдзельнічаюць у розных спаборніцтвах і перыядычна заваёўваюць прызавыя месцы.
Трэнер Алексей Гарошка з дзецьмі. Фота: сацсеткі
Сваім родным горадам у сацсетках Вікторыя Грыцэнка пазначала Луганск. Але шмат гадоў яна пражыла ў Беларусі. Раней Вікторыя працавала цырульніцай, а пасля прадавачкай (згодна з дадзенымі Веlpol).
Вікторыя Грыцэнка
У загінулай жанчыны засталіся дзве дачкі-двайняты, ім па 21 годзе.
26 чэрвеня Вікторыя павінна была прысутнічаць на ўручэнні дыплома адной з дачок. Яна планавала потым зладзіць пікнік для блізкіх у гонар гэтай падзеі.
Чытайце таксама:
Адно дзіця, што трапіла пад абстрэл у Бранскай вобласці, знаходзіцца ў цяжкім стане