Шпіталізаваныя 8 пасажыраў аўтобуса, які пацярпеў у Бранскай вобласці. Шасцёра з іх — дзеці
Міністр аховы здароўя Беларусі Аляксандр Хаджаеў паведаміў, што пасля трагедыі ў Бранскай вобласці Расіі, дзе ў выніку атакі беспілотніка быў пашкоджаны аўтобус з грамадзянамі Беларусі, у рэгіён накіраваныя беларускія медыцынскія спецыялісты рэспубліканскага ўзроўню.
Па словах Хаджаева, у аўтобусе знаходзіліся беларускія грамадзяне, у тым ліку непаўналетнія.
У выніку здарэння адзін чалавек загінуў. Яшчэ восем чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці, сярод іх шасцёра дзяцей. Пацярпелыя знаходзяцца ў некалькіх медыцынскіх установах Бранскай вобласці.
Паведамляецца, што для арганізацыі дапамогі быў наладжаны непасрэдны кантакт паміж міністэрствамі аховы здароўя Беларусі і Расіі. Таксама беларускі бок падтрымлівае сувязь з дэпартаментам аховы здароўя Бранскай вобласці, каб аператыўна атрымліваць інфармацыю пра стан пацярпелых.
Беларусь накіравала ў Бранск тры рэанімацыйныя брыгады, у склад якіх уваходзяць 11 спецыялістаў розных профіляў. Яны павінны супольна з расійскімі медыкамі ацаніць стан грамадзян Беларусі і вызначыць, ці магчыма іх транспартаванне на радзіму для далейшага лячэння.
Акрамя таго, з Мінска былі накіраваныя анестэзіёлагі-рэаніматолагі, дзіцячыя хірургі і супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра агнястрэльнай траўмы. Кіруе беларускай медыцынскай групай першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.
Паведамляецца таксама, што для аказання дапамогі пацярпелым у Бранск прыбыла дадатковая медыцынская брыгада з Масквы.
На выпадак, калі будзе прынята рашэнне аб перавозцы пацярпелых у Беларусь, ужо падрыхтаваны верталёт медыцынскай службы, які гатовы выканаць такую задачу.
Чытайце таксама:
«Інфармацыйная правакацыя Крамля». Ва Украіне пракаментавалі ўдар па беларускім аўтобусе з дзецьмі
Адно дзіця, што трапіла пад абстрэл у Бранскай вобласці, знаходзіцца ў цяжкім стане