«Правакацыя Крамля». Ва Украіне пракаментавалі ўдар па беларускім аўтобусе з дзецьмі
Заявы прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі пра нібыта пашкоджанне ўкраінскім беспілотнікам аўтобуса з дзіцячай футбольнай камандай у Бранскай вобласці не адпавядаюць рэчаіснасці. Пра гэта ў каментары выданню «Люстэрка» паведаміў прэс-сакратар Генштаба УСУ маёр Андрэй Кавалёў.
Пашкоджаны ў Бранскай вобласці беларускі аўтобус
«Падкрэсліваем, што ў названы перыяд Сілы абароны Украіны не прымянялі беспілотныя лятальныя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці.
Расцэньваем падобныя паведамленні як чарговую інфармацыйную правакацыю Крамля. Не маючы магчымасці дасягнуць заяўленых мэтаў на полі бою і несучы значныя страты, Расійская Федэрацыя ўсё часцей прыбягае да інфармацыйных маніпуляцый і фабрыкацыі абвінавачванняў супраць Украіны», — заявіў прадстаўнік УСУ.
Ён падкрэсліў, што ў той жа час
«менавіта Расія сістэматычна парушае нормы міжнароднага гуманітарнага права, наносячы ўдары па ўкраінскіх гарадах, жылых кварталах, бальніцах, школах і іншых цывільных аб'ектах».
«У выніку апошніх ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, у прыватнасці па Кіеве, загінулі дзясяткі мірных жыхароў, сярод якіх ёсць дзеці», — нагадаў Кавалёў.
Між тым Узброеныя сілы Украіны наносяць удары выключна па законных ваенных цэлях і не вядуць баявых дзеянняў супраць цывільнага насельніцтва, адзначыў ён.
Чытайце таксама:
Адно дзіця, што трапіла пад абстрэл у Бранскай вобласці, знаходзіцца ў цяжкім стане