БЕЛ Ł РУС

Лайфхак: як праверыць, ягады з Лунінца ці не з Лунінца

17.06.2026 / 01:15

Станіслаў Покуць

Жыхарка Магілёва купіла на рынку клубніцы, якія прадавец называў мясцовымі. Але падсцеленая пад ягады газета «Лунінецкія навіны» не дала схаваць праўду. Адна ж з каментатарак паста пра гэта ў Threads расказала забаўную гісторыю пра адваротны выпадак, калі праўда выйшла наяў іншым спосабам.

Фота ілюстрацыйнае

Прадавец з Магілёўшчыны ў Мінску хацеў абавязкова давесці, што ягоны тавар з Лунінца. Што і не дзіўна, бо Лунінецкі раён — нефармальная сталіца беларускіх клубніц, і паходжанне адтуль — своеасаблівы знак якасці.

Аднак жа прадавец не прайшоў самы просты тэст:

«Я родам з Лунінецкага раёна. Пару гадоў таму ў Мінску пытаемся ў прадаўца, адкуль клубніцы?

Ён: «З ЛунінцА (націск на «а»), мы з мужам у голас:

«Зразумела, што прадавец не з ЛУнінца (націск на «у»)

Аказалася, што мелі рацыю, машына на магілёўскіх нумарах». 

Правільная назва гэтага горада на ўсходзе Брэсцкай вобласці, як яго называюць мясцовыя жыхары — сапраўды Лу́нінец, хоць немясцовым часта чамусьці карціць сказаць Луніне́ц.

Чытайце таксама:

Жыхарка Магілёва набыла клубніцы на рынку. Яе запэўнівалі, што яны мясцовыя, але праўду выдала адна дэталь

«Лепш выкінуць, чым аддаць?» Фермер паказаў, як выкідае клубніцы, і выклікаў абурэнне

У клубнічнай сталіцы Беларусі запрацаваў аптовы рынак. Што па цэнах?

Каментары да артыкула