БЕЛ Ł РУС

Прадавачка з Драгічынскага раёна шэсць гадоў праз хітрыя схемы прысвойвала сабе частку выручкі

16.06.2026 / 22:47

Nashaniva.com

У Драгічынскім раёне прадавачка крамы на працягу шасці гадоў, паводле звестак Следчага камітэта, прысвойвала частку выручкі і гэтым нанесла шкоду на суму больш за 127 тысяч рублёў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Жанчына была матэрыяльна адказнай асобай і мела доступ да касавых грошай. Следства сцвярджае, што яна забірала частку наяўных з касы. Акрамя таго, пры продажы дарагіх тавараў яна афармляла ў касавым апараце чэк нібыта на больш танны тавар, а розніцу паміж сапраўдным коштам і сумай у чэку пакідала сабе.

Падчас расследавання былі вывучаныя фінансавыя магчымасці і выдаткі жанчыны. Высветлілася, што яе выдаткі прыкладна ў тры разы перавышалі афіцыйны заробак. Таксама ўстаноўлена, што на яе банкаўскую картку рэгулярна ўносіліся наяўныя грошы — ад 200 да 3 тысяч рублёў штомесяц.

Паводле матэрыялаў справы, за ўвесь час сваёй дзейнасці жанчына прысвоіла больш за 127 тысяч рублёў. Гэтыя грошы, па версіі следства, яна выкарыстоўвала для пагашэння даўгоў і асабістых патрэб.

Сваю віну прадавачка прызнала толькі часткова. На допыце яна заявіла, што да яе камп’ютара нібыта маглі мець доступ іншыя людзі, якія ўносілі змены ў праграмнае забеспячэнне і маглі штучна павялічыць памер недастачы.

Аднак следчыя праверылі гэтыя тлумачэнні і прыйшлі да высновы, што яны не пацвярджаюцца. Было ўстаноўлена, што доступ да камп’ютара мелі толькі асобныя работнікі, пры гэтым усю справаздачнасць вяла сама прадавачка, а ў іншых супрацоўнікаў не было матывацыі для ўнясення несапраўдных звестак.

У выніку расследавання была пацверджаная недастача грашовых сродкаў, а таксама выяўлена перасартаванне дарагіх тавараў. Жанчыне выставілі абвінавачанне ў прысваенні маёмасці ў асабліва буйным памеры, якая была даверана ёй па службе. На час следства яна знаходзіцца пад хатнім арыштам, а на яе маёмасць коштам больш за 100 тысяч рублёў накладзены арышт.

Чытайце таксама:

У Гродне дзяўчатам 14 і 15 гадоў пагражае калонія за шопінг у інтэрнэце

У Салігорску мужчына пагарэў на крадзяжы хатняга варэння

У Гродне дырэктар рэстарана аформіў супрацоўнікам фэйкавыя адпачынкі, забраў іх адпускныя і ўсё спусціў на стаўкі

Каментары да артыкула