У Мінску знайшлі «цукеркі з дзяцінства». Праўда, выгляд іх падманлівы
У адной са сталічных крам, якая спецыялізуецца на продажы замежных прысмакаў і снэкаў, знайшлі цукеркі, якія ў многіх асацыююцца з дзяцінствам. На іх звярнула ўвагу мінчанка Ілона ў Threads, піша Blizko.by.
Дзяўчына ўбачыла на паліцах крамы Crispy «Кіслічку», «Шыпучку» і «Малочную кроплю», якія ў нулявыя прадаваліся ледзь не ў кожнай краме. Праўда, цяпер гэтыя цукеркі прывезлі з Ірана, а каштуюць яны 30—40 капеек за 6 грамаў.
Нягледзячы на настальгічныя ўспаміны, якія выклікаў знешні выгляд адной толькі абгорткі, многія карыстальнікі не рэкамендавалі браць гэты «кавалачак дзяцінства»:
«Лепш не траціць грошы. Прынамсі, Шыпучкам вельмі далёка да арыгінала, Кіслічка яшчэ больш-менш».
«Жудасныя цукеркі, увогуле не тыя самыя».
«Танная падробка».
Дэгустатары адзначалі, што шыпучы парашок у «Шыпучцы» не шыпеў на языку, за што цукерку так любілі. «Малочная кропля» аказалася занадта прытарна-салодкай. І толькі «Кіслічка» аказалася блізкай да свайго «першакрыніцы».
Арыгінальныя цукеркі выпускала знакамітая ўкраінская кандытарская фабрыка Roshen, якая належыць былому прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку. Але ў 2022 годзе па зразумелых прычынах пастаўкі любых украінскіх тавараў у Беларусь спыніліся.
Чытайце таксама:
Пенсіянер з Гомеля знайшоў у хатняй схованцы «самыя натуральныя» савецкія шакаладкі
«Я ірыс усё роўна з’ем, але вярніце мне 1,29 рубля». Хлопец знайшоў у цукерцы нечаканы сюрпрыз