БЕЛ Ł РУС

Беларус год не карыстаецца шампунем — і задаволены сваімі валасамі

16.06.2026 / 09:00

Міра Нікановіч

Дзяніс Зелянко расказаў у фэйсбуку, як пайшоў на радыкальныя касметычныя меры. Мужчына больш за год не карыстаецца шампунем і кажа, што ягоныя валасы за гэты час зрабіліся толькі лепшымі.

Фота: Denis Zelenko / Facebook

Калі Дзяніс распачынаў той эксперымент, ён скардзіўся на сальныя валасы, перхаць і сверб скуры галавы. Шампуні супраць перхаці часткова дапамагалі — Дзяніс карыстаўся і мас-маркетаўскімі прадуктамі накшталт Head&Shoulders, і лячэбным шампунем «Нізарал». Але ж скура галавы з часам звыкалася да шампуняў, і даводзілася шукаць новы сродак.

Адпаведна, Дзяніс шукаў магчымасць вырашыць праблемы з валасамі найпрасцейшым чынам, і, на думку мужчыны, такім варыянтам магла б быць адмова ад шампуня. Беларус тлумачыць такі падыход тым, што ў старажытных людзей не было ніякіх шампуняў і валасы, як і скура галавы, самі могуць падтрымліваць сябе ў парадку. Таму Дзянісу было цікава паглядзець, як валасы будуць сябе адчуваць «на завадскіх наладах».

Спачатку было складана:

«Праз некалькі дзён пасля апошняга душа з шампунем я адзначыў нарастанне тлушчу на валасах, што лагічна. Наступныя душы ўжо без шампуня трохі збівалі тую тлустасць.

Першыя пару тыдняў было выразнае адчуванне шапачкі на галаве. Адчуванні крычалі — маўляў, у нас вельмі тлустая галава, неадкладна налі шампунь!»

Дзяніс успрыняў тыя адчуванні як сігнал, што на скуру яго галавы вярнуўся абарончы бар’ер. Так мужчына апісвае тлушч-себум, які вырабляюць сальныя залозы на галаве. Той себум абараняе волас і скуру галавы, а шампунь, адпаведна, змывае яго лішак.

Пару тыдняў, прызнаецца Дзяніс, ён «хадзіў і пакутаваў», бо валасы былі сальныя і цяжкія. А потым здарылася нешта цікавае:

«Пасля наступных душаў колькасць тлушчу стала памяншацца, з’явіўся бляск на валасах, яны зрабіліся мяккія і рассыпістыя, нібыта пасля шампуня. 

Сістэма прыйшла ў раўнавагу. Колькасць тлушчу, які выпрацоўваецца, зменшылася, бо ён цяпер не змываўся мыйнымі сродкамі. А значыць, яго не трэба інтэнсіўна папаўняць».

Цяпер Дзяніс мые валасы толькі чыстай вадой, і яго валасы выглядаюць аднолькава, колькі б часу ні прайшло з апошняга мыцця. Ніякага адчування сальнасці таксама няма, запэўнівае мужчына ў фэйсбуку.

Дзяніс раіць тым, хто прачытае яго пост, таксама паспрабаваць хаця б часова адмовіцца ад мыйных сродкаў для валасоў.

«Абсалютная большасць не ведае, якія ў іх на самой справе валасы. Бо каб гэта даведацца, трэба зняць хімічную нагрузку з валасоў, даць скуры галавы некалькі тыдняў на стабілізацыю сістэмы і выхад на арыгінальны натуральны рэжым».

Цяпер пад пастом Дзяніса больш за паўтысячы каментароў. Шмат хто паставіўся да яго ідэі крытычна:

«Трусы мяняць — таксама блазнота, я лічу».

«Уяўляю, як ад валасоў смярдзіць».

А некаторыя расказвалі, што спрабавалі падобныя эксперыменты.

Дзяніс удакладняе ў каментарах, што сам сумняваўся наконт паху, таму часам паказваў свае валасы знаёмым і прасіў апісаць іх стан. Ніякага смуроду тыя не знаходзілі, а вось перхаць заставалася, але ў значна меншай колькасці.

На прапанову самім адмовіцца ад шампуняў знаёмыя жанчыны адказвалі, што не змогуць на гэта пайсці.

Цяпер Дзяніс мые валасы кожны раз, калі трапляе ў душ — але толькі вадой.

Чытайце таксама:

Новы трэнд — не расчэсвацца. Вось што трэба пра яго ведаць

Што колер вашых валасоў можа сказаць пра ваша здароўе

«На працы сказалі насіць парык». Як беларуска з маленства жыве з алапецыяй

Каментары да артыкула