БЕЛ Ł РУС

Чаму асобныя аб’екты са спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА змагаюцца за выключэнне з яго?

19.06.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Статус аб’екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА лічыцца адным з самых прэстыжных міжнародных прызнанняў. Ён прыцягвае ўвагу мільёнаў турыстаў, дапамагае атрымліваць сродкі на захаванне помнікаў і павышае вядомасць цэлых рэгіёнаў. Чаму ж тады некаторыя супольнасці настойліва просяць выключыць іх са славутага спіса?

Влкалінец у Славакіі штогод наведваюць больш за 100 тысяч турыстаў, хоць пастаянна тут жыве ўсяго два дзясяткі жыхароў. Фота: Wikimedia Commons

Сістэма Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўзнікла пасля Другой сусветнай вайны. Яе мэтай стала абарона асабліва каштоўных культурных і прыродных аб’ектаў, якім пагражалі войны, індустрыялізацыя і сучаснае будаўніцтва. Першыя дванаццаць аб’ектаў былі ўключаны ў спіс у 1978 годзе. Сёння ў ім ужо налічваецца 1248 месцаў у 170 краінах. Сярод іх — такія сусветна вядомыя мясціны, як Мачу-Пікчу ў Перу і Вялікая Кітайская сцяна, а таксама сотні менш вядомых помнікаў і ландшафтаў.

Для многіх краін траплянне ў гэты спіс лічыцца вялікім поспехам. Статус ЮНЕСКА прыцягвае міжнародную ўвагу, дапамагае атрымліваць фінансаванне на захаванне спадчыны і павышае турыстычную прывабнасць рэгіёнаў.

Масавы турызм і «музеіфікацыя»

Аднак поспех сістэмы меў наступствы, якіх яе стваральнікі не прадбачылі. Калі ў другой палове XX стагоддзя галоўнымі пагрозамі для помнікаў былі ўзброеныя канфлікты, індустрыялізацыя і некантраляваная забудова, то ў XXI стагоддзі ўсё большую ролю пачаў адыгрываць масавы турызм.

Асабліва моцна сітуацыя змянілася з развіццём сацыяльных сетак. Калі раней турысты арыентаваліся пераважна на даведнікі і афіцыйныя рэкамендацыі, то цяпер месцы імгненна становяцца папулярнымі дзякуючы тыктоку, інстаграму і іншым платформам. У выніку многія гістарычныя гарады і населеныя пункты пачынаюць паступова змяняцца пад патрэбы турыстычнай індустрыі, піша BBC.

Гандолы на Гранд-канале ў Венецыі. Рост турызму ў гістарычным цэнтры горада суправаджаецца змяншэннем колькасці пастаянных жыхароў. Фота: Wikimedia Commons

Адным з самых вядомых прыкладаў стала Венецыя. Пасля атрымання статусу Сусветнай спадчыны ў 1987 годзе горад ператварыўся ў адзін з галоўных цэнтраў масавага турызму ў Еўропе. З кожным годам колькасць пастаянных жыхароў там меншае, бо жыццё ў гістарычным цэнтры для звычайных людзей стала невыносным.

Падобныя працэсы адбываліся ў кітайскім Ліцзяне, вядомым сваёй старадаўняй забудовай і культурай народа наксі. Пасля прызнання ЮНЕСКА цэнтр горада пачаў хутка ператварацца ў турыстычную прастору з гасцініцамі, сувенірнымі крамамі і забаўляльнай інфраструктурай. Частка даследчыкаў і мясцовых жыхароў лічыць, што гэта аслабіла традыцыйны лад жыцця.

У Маракешы (Марока) дыскусіі выклікае рост цэн на жыллё ў гістарычнай медыне, звязаны з павелічэннем турызму і прытокам замежных інвестыцый.

Навукоўцы называюць такія працэсы «музеіфікацыяй». Так называюць паступовае ператварэнне жывых супольнасцяў у своеасаблівыя дэкарацыі для наведнікаў, дзе галоўнай каштоўнасцю становіцца не жыццё мясцовых людзей, а ўражанні турыстаў.

Плошча Джэма-эль-Фна ў Маракешы (Марока). Рост турызму і замежных інвестыцый у гістарычнай медыне выклікае дыскусіі пра падаражанне жылля і выцясненне мясцовых жыхароў. Фота: Wikimedia Commons

Праблему ўскладняе і тое, што паняцце аўтэнтычнасці часта разумеецца па-рознаму. Тое, што адны лічаць сапраўдным захаваннем гістарычнай спадчыны, іншыя могуць успрымаць як штучную рэканструкцыю або спробу зафіксаваць месца ў пэўным гістарычным стане.

Адначасова патрабаванні па захаванні каштоўнасці аб'екта могуць уступаць у супярэчнасць з сучаснымі патрэбамі жыхароў, якія хочуць мадэрнізаваць жыллё або інфраструктуру.

ЮНЕСКА не забараняе развіццё сваіх аб'ектаў, аднак патрабуе захоўваць іх «выдатную ўніверсальную каштоўнасць» — менавіта тыя характарыстыкі, дзякуючы якім месца было прызнана важным для чалавецтва. На практыцы гэта часта прыводзіць да пошуку складанага балансу паміж захаваннем мінулага і патрэбамі сучаснага жыцця.

Заклікі да выключэння

Менавіта на гэтым фоне ў розных частках свету пачалі ўзнікаць заклікі перагледзець сам статус Сусветнай спадчыны.

Адзін з найбольш незвычайных прыкладаў знаходзіцца ў цэнтральнай Славакіі. Невялікая вёска Влкалінец, дзе сёння жыве каля дваццаці чалавек, складаецца з некалькіх дзясяткаў ярка размаляваных драўляных хат і захавала амаль некрануты гістарычны выгляд. У 1993 годзе яна была ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны як унікальны прыклад традыцыйнай народнай архітэктуры.

Але папулярнасць аказалася надзвычайнай. Штогод у вёску прыязджае больш за сто тысяч турыстаў. Частка мясцовых жыхароў лічыць, што жыццё населенага пункта ўсё больш падпарадкоўваецца патрэбам наведнікаў, і выступае за выключэнне Влкалінца са спісу ЮНЕСКА.

Масаі са сваёй жывёлай у Нгорангора. Арганізацыі, якія прадстаўляюць іх інтарэсы, крытыкуюць палітыку кіравання тэрыторыяй і заклікаюць перагледзець яе статус у ЮНЕСКА. Фота: Wikimedia Commons

Яшчэ больш сур'ёзны канфлікт развярнуўся ў танзанійскай запаведнай тэрыторыі Нгорангора. Гэта адзін з самых вядомых прыродных комплексаў Афрыкі і папулярны цэнтр сафары-турызму. Аднак прадстаўнікі народа масаі сцвярджаюць, што прыродаахоўныя абмежаванні, звязаныя з міжнароднай аховай тэрыторыі, паступова выціскаюць мясцовых жыхароў з зямель, якімі яны карысталіся стагоддзямі. Таму арганізацыі, якія прадстаўляюць інтарэсы масаі, таксама заклікаюць перагледзець статус тэрыторыі.

Як страціць статус Сусветнай спадчыны

На сёння ЮНЕСКА выключыла са свайго спіса толькі тры аб'екты, і ў кожным выпадку прычынай была немагчымасць захавання іх каштоўнасці. У 2007 годзе Рэзерват аравійскай антылопы (Аман) стаў першым такім аб'ектам пасля таго, як улады Амана рэзка скарацілі плошчу ахоўнай тэрыторыі дзеля планаў па разведцы нафты.

У 2009 годзе са спісу выключылі даліну Эльбы ў Дрэздэне (Германія) праз будаўніцтва моста, які змяніў гістарычны ландшафт. А ў 2021 годзе Ліверпуль — горад мараходаў і гандляроў (Вялікабрытанія) быў выключаны са спіса пасля спрэчак вакол маштабнай перабудовы прыбярэжнай зоны.

Мост Вальдшлёсхен у Дрэздэне, будаўніцтва якога прывяло да выключэння Даліны Эльбы са Спісу сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Фота: Wikimedia Commons

Пры гэтым ні Ліверпуль, ні Дрэздэн не перасталі быць папулярнымі турыстычнымі кірункамі пасля страты прызнання ЮНЕСКА, а само выключэнне са спіса было звязана з праблемамі захавання спадчыны, а не з незадаволенасцю мясцовых жыхароў.

У самой арганізацыі прызнаюць, што праблема празмернага турызму сёння становіцца ўсё больш актуальнай. Калі ў ранніх інструктыўных дакументах ЮНЕСКА турызм згадваўся толькі мімаходзь, пераважна ў кантэксце яго патэнцыйнага ўплыву на захаванасць аб’ектаў.

Сёння ЮНЕСКА ўсё часцей разглядае турызм і як выклік, і як магчымасць — сілу, якая пры разумным кіраванні можа спрыяць захаванню спадчыны і развіццю мясцовай эканомікі.

Аднак праблемы, якія ўздымаюць жыхары Влколінца і Нгорангора, выходзяць за межы паўнамоцтваў сістэмы Сусветнай спадчыны.

Сёння ЮНЕСКА мае механізмы для ацэнкі пагроз, звязаных з войнамі, змяненнем клімату або некантраляванай забудовай. Арганізацыя можа ўносіць аб’екты ў спіс тых, што знаходзяцца пад пагрозай, і нават выключаць іх са Спісу сусветнай спадчыны.

Аднак у сістэме практычна няма механізмаў для рэагавання на сітуацыі, калі асноўная праблема заключаецца не ў стане самога помніка або прыроднага комплексу, а ў незадаволенасці людзей, якія там жывуць. Арганізацыя не можа прызнаць аб’ект «пад пагрозай» з-за турызму, які сама ж і дапамагла спарадзіць.

Таму, нягледзячы на заклікі з Влколінца і групы абароны правоў масаяў у Нгорангора перагледзець іх статус, не чакаецца, што гэтыя аб’екты будуць абмяркоўвацца Камітэтам сусветнай спадчыны на найбліжэйшай сесіі.

Гэтыя спрэчкі паказваюць, што захаваць помнік, гістарычны ландшафт або прыродную тэрыторыю — не тое самае, што захаваць супольнасць людзей вакол іх. І апошняе можа аказацца значна больш складанай задачай.

Чытайце таксама:

Названыя самыя пераацэненыя славутасці Еўропы

Венецыя першай у свеце ўвяла абавязковую плату за аднадзённы ўезд у горад

Папулярны італьянскі востраў абмяжоўвае памер турыстычных груп

Невялікі шатландскі востраў так разрэкламавалі, што ён закрываецца ад турыстаў

Каментары да артыкула