БЕЛ Ł РУС

«Не змаглі паабедаць нідзе! Турыстычнае месца!» Беларуска не змагла нідзе ў Міры паесці

15.06.2026 / 10:27

Nashaniva.com

Беларуска завітала ў Мірскі замак і цяпер абураецца, што паехала стуль галоднай.

Знакаміты Мірскі замак — адна з галоўных візітовак Беларусі. Наведвальнікі, што прыязджаюць у пасёлак самастойна, сутыкаюцца з тым, што ў разгар летняга сезона ў гістарычным месцы немагчыма банальна купіць ежу.

«Мы не змаглі паесці!!!! Усе кафэ і нават рэстаран зачыненыя на спецабслугоўванне экскурсійных аўтобусаў. Велізарная колькасць людзей хадзіла па ўсім пасёлку і пыталіся адзін у аднаго: «Дзе паесці?», «У тым баку адкрыта штосьці?». Дзясяткі людзей прыехалі «сваім ходам», і ўсе гэтыя людзі не змаглі паабедаць НІДЗЕ!!!! Турыстычнае месца! Кава толькі ў Еўраопце на выездзе з Міра», — напісала аўтарка.

Беларуска дадае, што нідзе і ніколі не сустракалася з такой сітуацыяй.

Многія чытачы ў каментарах адзначылі, што самі з такім сустракаліся раней, і, як высвятляецца, нават праз гады інфраструктура найпапулярнейшага месца застаецца ў зародкавым стане. «Нічога не змянілася, былі там гадоў 10 таму — усё тое ж самае». «Летам гэта пастаянная гісторыя ўжо дзесяцігоддзе».

Геаграфія «галодных» тураў: ад Полацка да Белавежскай пушчы

Беларусы пачалі дзяліцца ўласным досведам, і, аказалася, што Мір — далёка не адзіная праблемная кропка на турыстычнай мапе Беларусі. Спецабслугоўванне арганізаваных груп, вяселлі і карпаратывы летам цалкам паралізуюць грамадскае харчаванне для звычайных вандроўнікаў.

«Такая ж гісторыя ў мінулым годзе прыключылася з намі ў Полацку. Куды ні сунься — усюды спецабслугоўванне экскурсій. Прыйшлося ісці ў «Капеечку» і па-бамжацку на лавачцы каля пад'езда перакусіць».

«Мы з такім сутыкнуліся ў Белавежскай пушчы. Нам проста сказалі: ідзіце есці ў іншае кафэ, у нас бронь (два кафэ былі закрыты). Ледзь выпрасіла ў іх на вынас дранікаў».

«Я з падобным сутыкнулася ў Лідзе. Вырашыла наведаць замак… А там трэба загадзя заказваць… Ліда — горад маленькі, і месцаў для прыстойнага прыёму ежы не шмат».

«Былі ў аналагічнай сітуацыі ў Навагрудку, у Мёрах, у Жодзіне…», «Такая ж сітуацыя і ў Міры, і ў Заслаўі, і ў іншых папулярных мястэчках».

«Беларускі турызм, як ён ёсць. Сэрвісу вакол турыстычных аб'ектаў у нас проста нуль». «Вось таму няма жадання ездзіць па Беларусі. Цэны — пекла, сэрвісу — 0. Гэта называецца развіццё турызму».

«Турыстычная прывабнасць», — казалі чыноўнікі».

У выніку, як вынікае з каментароў, адзіным уратаваннем для Міра і іншых турыстычных месцаў для адзінокіх вандроўнікаў пакуль застаюцца вулічныя шапікі з блінамі, калі яны працуюць, і традыцыйныя беларускія «ссабойкі» з тэрмасамі, якія дасведчаныя вандроўнікі цяпер бяруць з сабой нават пры паездцы на топ-аб'екты краіны. 

«Я заўсёды бяру з сабой тэрмас з чаем ці кавай і перакус розны… Навучаная ўжо. Лепш сесці і спакойна перакусіць сваёй праверанай ежай. І абыдзецца гэта ў 100 разоў танней».

«Дзякуй запраўкам «Беларуснафта»: без пафасу, але надзейна можна перакусіць».

«Якасць ежы ў кафэ ў турыстычных месцах проста агідная. Заўсёды бяром ссабойку і з'язджаем у прыгожае месца аб’екта».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула