Ціханоўская: Тыя, хто заяўляе пра прыхільнасць «духоўным каштоўнасцям», прыносяць у святыя месцы ракеты і агонь
Лідарка дэмакратычных сіл Беларусі асудзіла начны ўдар Расіі па Кіеве, у выніку якога гарэла Кіева-Пячэрская лаўра.
«Сёння ў выніку варварскай атакі Расіі на Украіну загінулі і атрымалі раненні шматлікія мірныя жыхары, а таксама была падпалена Кіева-Пячэрская лаўра — адно з самых святых месцаў нашай агульнай гісторыі.
Лаўра — гэта не проста камяні і сцены. Гэта памяць, вера, культура і калыска хрысціянства ў нашым рэгіёне, месца, дзе зарадзілася духоўная традыцыя, якая аб’ядноўвае ўкраінцаў і беларусаў на працягу стагоддзяў. Тыя, хто заяўляе пра прыхільнасць «духоўным каштоўнасцям», прыносяць у святыя месцы ракеты і агонь. Гэта сапраўднае аблічча імперыі.
Беларусы салідарныя з Украінай, з усімі пацярпелымі і з усімі, хто абараняе права нашых народаў на сваю гісторыю і будучыню», — напісала яна ў X.