Выйшаў на свабоду палітзняволены фанат Цімур Піпія
Яго арыштавалі разам з братам Тамазам, той вызваліўся на паўмесяца раней. Іх маці не дачакалася сыноў.
Цімур Піпія. Фота: Вясна
Цімур Піпія цалкам адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю 28 мая 2026 года, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Футбольны заўзятар колішняга мінскага клуба «МТЗ-РІПА» быў затрыманы 25 верасня 2020 года ў Мінску, калі чакаў напарніка, каб паехаць на працу. Мужчыну абвінавацілі па некалькіх крымінальных артыкулах, у тым ліку за ўдзел у масавых беспарадках і гвалт у дачыненні да міліцыянтаў падчас падзей 10 жніўня і пратэстаў пасля таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.
У ліпені 2021 года суддзя Маскоўскага раёна Мінска Святлана Бандарэнка прысудзіла Цімуру Піпіі 6 гадоў, 3 месяцы і 2 дні калоніі ўзмоцненага рэжыму. Свой тэрмін ён адбываў у папраўчай калоніі № 15, дзе сутыкнуўся з жорсткімі ўмовамі ўтрымання. Праваабаронцы адзначалі, што на працягу года яму ні разу не дазволілі сустрэцца з роднымі і нават не пускалі да яго адваката.
Па гэтай жа крымінальнай справе праходзіў і родны брат Цімура — 31‑гадовы Тамаз Піпія. Як мы пісалі раней, Тамаза затрымалі ў Гродне і першапачаткова асудзілі на 5 гадоў узмоцненага рэжыму. Аднак ужо падчас зняволення яму дадалі яшчэ паўтара года калоніі за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі» паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. Тамаз выйшаў на волю ў сярэдзіне мая, апярэдзіўшы брата ўсяго на некалькі тыдняў.
Пакуль браты знаходзіліся за кратамі, у іх сям'і адбылася трагедыя — ад анкалагічнага захворвання памерла іх маці. Галоўнай абаронцай палітвязняў на волі стала іх малодшая сястра Луіза, якой на момант арышту братоў было ўсяго 18 гадоў.
Дзяўчына не баялася публічна выступаць у абарону сваякоў, давала інтэрв'ю і пісала звароты, нягледзячы на пастаянны ціск і пагрозы з боку спецслужбаў.