БЕЛ Ł РУС

«Саўдэпаўскі адпачынак па кошце пяці зорак у Турцыі». Беларуска выклікала дыскусію, раскрытыкаваўшы санаторый на Нарачы

13.06.2026 / 21:56

Nashaniva.com

Карыстальніца Threads пад нікам versache_guci адпачыла ў беларускім санаторыі на Нарачы і была расчараваная. Трохдзённы адпачынак сям'і з дзіцём абышоўся амаль тысячу даляраў, і яна лічыць, што такіх грошай гэта не каштуе. Адказалі жанчыне і сам санаторый, і іншыя карыстальнікі, піша «Салідарнасць».

Фота: старонка санаторыя ў Threads

Усе фота апублікаваныя акаўнтам санаторыя ў Трэдсе

«Калі вы хочаце саўдэпаўскі адпачынак па кошце 5* у Турцыі, з ежай, як у заводскай сталоўцы, і з будоўляй пад вокнамі, вам сюды, — напісала незадаволеная карыстальніца. — Амаль 1000$ за двух дарослых і дзіця 4‑х гадоў, на 3 ночы. Уключана: басейн 1,5 гадзіны і трохразовае харчаванне з мінімальным выбарам нармальнай ежы. Поўнае расчараванне. Санаторый «Прыазёрны».

У каментарах некаторыя беларусы не падзялілі яе меркаванне:

«Не расказвайце казак. Ежа там выдатная. І санаторый найвышэйшага класа».

«Адпачываю там штогод шэсць гадоў запар. Усё задавальняе. У гэтым годзе па харчаванні сапраўды ўзніклі пытанні асабіста ў мяне і ў іншых турыстаў. І «Пліса» здала пазіцыі па харчаванні, і нават «Альфа Радон». Але тут нейкія больш глыбокія працэсы (сачыце за сітуацыяй у свеце). Але наконт сталоўкі — загнулі, гэта не так. Сэрвіс — топ, тэрыторыя — топ».

Людзі пішуць пра прыязны персанал, бясплатную паркоўку пры заездзе, дагледжаную тэрыторыю.

«Наконт будоўлі — санаторый працуе круглы год, і гэта здорава, што яны не спыняюцца і паляпшаюцца. Улетку для дзяцей столькі забаўляльных праграм. Таксама ўлетку для дзяцей ёсць аздараўленчая праграма з цудоўнымі працэдурамі! У пракаце можна ўзяць ледзь не ўсе віды транспарту. Рэстаран на беразе — кайф!»

Знайшліся, праўда, і крытыкі.

«315$ з чалавека за суткі… Яны з глузду з'ехалі? Раней ездзілі, падабалася. Але зараз цэннік за трохразовае харчаванне і басейн малюсенькі — гэта перабор. А калі дабудуюць адкрыты басейн, кошт будзе 500$ на чалавека?»

«Як добра, што ні разу не ўгаварылі мяне паехаць у нашы санаторыі з саўковым сэрвісам. Ды яшчэ ўсе скокі надвор'я ў нас у апошнія гады, камары. А ў Турцыі добра за такія грошы. І мора цёплае, і пясочак гарачанькі».

«Я б з задавальненнем акунулася ў Саўдэпію, але не за тысячу баксаў, канешне».

«На Канарах, з пералётам, у цудоўным гатэлі адпачыў танней».

Фота: старонка санаторыя ў Threads

Санаторый: «Мы не спрабуем капіяваць all inclusive гатэляў Турцыі»

Адгукнуўся ў каментарах і сам санаторый. Ад яго імя выказалі шкадаванне, што адпачынак не апраўдаў чаканняў.

«Вы абсалютна маеце рацыю ў наступным: мы не спрабуем капіяваць all inclusive гатэляў Турцыі. Гэта прынцыпова розныя прадукты».

Санаторый патлумачыў, што вядзе планавую рэнавацыю і сапраўды ёсць шумная будоўля, і прынёс прабачэнні, «калі ўпусцілі гэты момант пры браніраванні пуцёвак».

Адносна харчавання рэакцыя была такой:

«Нашы госці прыязджаюць з гастрытамі, панкрэатытамі, пасля аперацый — пагадзіцеся, у санаторыі важнае не толькі асарці, а якасць і дыетычная бяспека. Пры гэтым у нас заўсёды ёсць прывабны выбар: рыба/мяса/птушка, гародніна, свежае зяленіва, супы, кашы, кампоты, садавіна, выпечка».

А што тычыцца кошту, то ў санаторыі адзначылі, што

«гэта вельмі далікатная тэма: вы альбо згаджаецеся з ім, альбо выбіраеце больш адпаведны даходам узровень (выбар санаторыяў у Беларусі вялікі)».

Чытайце таксама:

«Сумны горад, пра які прынята добра казаць». Расіянка раскрытыкавала Мінск — беларусы ёй іранічна падзякавалі

«Цукеркі ў шакаладзэ, б**дзь!» Расійская блогерка-мільённіца наведала Беларусь і высмеяла беларускую мову

Беларускім санаторыям у Расіі эканамічны крызіс толькі на карысць

Беларусь штогод наведваюць каля 5 мільёнаў турыстаў з Расіі

200 расійскіх вайскоўцаў будуць сёлета задарма адпачываць у беларускіх санаторыях

Замежных турыстаў у беларускіх санаторыях стала яшчэ больш

Каментары да артыкула