«15 хвілін і каштуе 100 рублёў». Беларусы спрачаюцца пра цану спаткання з капібарай у парку жывёл пад Баранавічамі
Гісторыя пра платную сустрэчу з капібарай у «Парку жывёл» пад Баранавічамі выклікала абмеркаванне ў Threads. Наведвальніца заявіла, што за магчымасць 15 хвілін пакамунікаваць з жывёлінай трэба заплаціць 100 рублёў дадаткова да ўваходных квіткоў, і засумнявалася, ці апраўданая такая цана. У каментарыях разгарнулася дыскусія — адныя лічаць паслугу дарагой, іншыя ўпэўненыя, што гэта нармальная практыка і грошы ідуць на ўтрыманне жывёл, піша BG.Media.
Капібара ў парку жывёл пад Баранавічамі. Фота з Threads
Наведвальніца расказала пра платную паслугу — і атрымала сотні каментарыяў пра тое, колькі павінна каштаваць сустрэча з жывёлай.
Беларуска была здзіўлена, што «спатканне» з капібарай каштуе 100 рублёў
Беларуска прыехала ў «Парк жывёл» (вядомы як «Дыпрыз») у Баранавіцкім раёне з дзецьмі, каб убачыць капібар, аднак сутыкнулася з дадатковай платнай паслугай — «спатканнем з капібарай».
Па словах жанчыны, уваходныя білеты для аднаго дарослага і двух дзяцей абышліся ў 105 рублёў, яшчэ 15 рублёў пайшло на корм для жывёл. Але, як яна сцвярджае, асноўнае расчараванне чакала далей: за магчымасць пакамунікаваць з капібарай бліжэй — пагладзіць і зрабіць фота — трэба даплаціць яшчэ 100 рублёў за 15 хвілін.
«Я на гэта не разлічвала. На мой погляд, гэта таго не варта. Як вы лічыце?» — напісала яна ў Threads.
Пост за два дні сабраў больш за 100 тысяч праглядаў і каля 300 каментарыяў.
У каментарыях адказаў і сам «Парк жывёл» у Баранавіцкім раёне. У адміністрацыі патлумачылі, што капібара знаходзіцца ў звычайным вальеры на першай лакацыі парка і даступная для ўсіх наведвальнікаў:
«Капібара жыве ў вальеры на першай лакацыі Парку. Калі вы былі ў нас нядаўна, то маглі заўважыць каля яе вальера вялікую рознакаляровую капібару. На тэрыторыі Парку няма пустых вальераў: калі на вальеры пазначаная жывёла, значыць яна там жыве. Проста часам нашы жыхары адпачываюць у доміку або выбіраюць самы ўтульны куток для сну».
Асобна ў парку ўдакладнілі, што платная паслуга «Спатканне з капібарай» — гэта фармат асабістага кантакту з канкрэтнай жывёлінай па імені Капі:
«Яна вельмі любіць людзей, увагу і, канечне ж, смачна паесці».
«Дорага ці нармальна?» — меркаванні беларусаў падзяліліся
У каментарыях да гісторыі разгарнулася дыскусія: адныя лічаць цану завышанай, іншыя — апраўданай з пункту гледжання клопату пра жывёл і попыту на паслугу.
«Дорага. Але ўявіце, калі паслуга будзе каштаваць 20 рублёў — як змучыцца жывёла за дзень ад такіх спадканняў. Хай лепш 5 спатканняў па 100, чым 25 па 20», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
«Гэтыя грошы ідуць на абслугоўванне жывёл. Парк сапраўды траціць іх менавіта на жывёл. Жывёлы чыстыя, дагледжаныя, і я не шкадую ні капейкі», — адзначыла іншая наведвальніца.
Частка каментатараў расказала, што паслуга карыстаецца попытам і патрабуе папярэдняга запісу за некалькі тыдняў.
«Былі мы на спатканні з Капі. Сваіх грошай каштуе», — коратка напісаў адзін з карыстальнікаў.
Пры гэтым гучала і крытыка:
«Нам не спадабаўся гэты парк, усе звяры аднастайныя, цэны касмічныя. Ёсць больш прыемныя паркі і заапаркі для наведвання».
Іншыя ж адзначылі, што капібару можна ўбачыць і бясплатна, калі проста наведаць адпаведную зону, а платная паслуга — толькі пашыраны фармат узаемадзеяння.
Чытайце таксама:
Чаму скандальны маскоўскі дрэсіроўшчык Запашны прыязджаў у Баранавічы
Янота Сеню ў баранавіцкім парку прывучаюць да правільнага харчавання
У парку жывёл ля Баранавічаў можна паабдымацца з капібарай за 100 рублёў
У мінскім заапарку з'явіўся «гібрыд» труса, капібары і аленю — мара