Памёр трэнер па стральбе з лука Барыс Ісачанка
Ён выйграў срэбра на Алімпіядзе ў Маскве.
Памёр сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1980 года па стральбе з лука Барыс Ісачанка, паведаміла ўпраўленне спорту Брэсцкага аблвыканкама.
«З глыбокім шкадаваннем паведамляем пра тое, што не стала Барыса Валянцінавіча Ісачанкі — легенды савецкага і беларускага спорту, сярэбранага прызёра Алімпійскіх гульняў 1980 года, майстра спорту СССР міжнароднага класа. Яго імя назаўсёды ўпісана ў гісторыю стральбы з лука», — гаворыцца ў паведамленні.
Барыс Ісачанка нарадзіўся ў Брэсце 26 снежня 1958 года. Выйграў срэбра на Алімпіядзе ў Маскве.
Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры Барыс Ісачанка прысвяціў сябе трэнерскай працы. З 1997 года ён узначальваў зборную Беларусі па стральбе з лука, а ў 2002 годзе стаў членам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. Пад яго кіраўніцтвам зборная Беларусі дасягнула значных поспехаў: заваявала чэмпіёнскі тытул на чэмпіянаце Еўропы і сярэбраны медаль на чэмпіянаце свету.