Пад Мінскам наладзілі зборку Citroen. Сталі вядомыя мадэлі і цэны
Аўтамабілі французскага брэнда будуць збіраць на заводзе «Юнісон» у Абчаку.
Французы з кітайскім акцэнтам
На заводзе пад Мінскам збіраюць адразу тры мадэлі, і ўсе яны — красоверы.
Самым даступным «французам» беларускай зборкі з’яўляецца Citroen C3-XR. Цэны на кампактны красовер пачынаюцца з 75 тысяч рублёў, што каля $26600 па цяперашнім курсе.
Трэба разумець, што Citroen C 3‑XR — гэта не тое самае, што Citroën C3, які прадаюць у Еўропе. Citroen C 3‑XR — гэта тварэнне франка-кітайскага сумеснага прадпрыемства Dongfeng Peugeot-Citroen.
Белы аўтамабіль — Citroen C 3‑XR. Фота: av.by
Таму ў Еўрасаюзе такую мадэль не знойдзеш. Да Беларусі яе збіралі толькі ў Кітаі і Іране.
Новы стары Citroen
Наступным па памеры і дарагавізне ідзе Citroen C5 Aircross. Цэны на яго пачынаюцца з 95 тысяч рублёў, ці каля $33700.
І гэтая мадэль ужо мае нашмат больш агульнага з сапраўдным Citroen, бо гэта такі самы Citroen C5 Aircross, як і ў Еўрасаюзе. Адзінае важнае адрозненне ў тым, што ў Беларусі наладзілі зборку папярэдняга пакалення Citroen C5 Aircross.
У Еўропе ж у 2025 годзе выйшла другое пакаленне C5 Aircross.
Зверху — Citroen C5 Aircross папярэдняга пакалення, які пачалі збіраць у Беларусі. Унізе — Citroen C5 Aircross новага пакалення, які пачалі выпускаць у Еўрасаюзе з 2025 года. Фота: скрыншоты з сайтаў citroen-center.by і citroen-vilnius.lt
Агульная мадэль
Што да самай дарагой мадэлі ў лінейцы беларускай зборкі — C5X, то кітайская і еўрапейская мадэлі аднолькавыя, бо нават машыны, якія прадаюцца ў Еўропе, маюць кітайскую зборку.
Фота: скрыншот з сайта citroen-center.by
Цэны на C5X, сабраныя ў Беларусі, будуць пачынацца з 96 тысяч рублёў, ці з каля $32 тысяч.
Зборка аўтамабіляў у Беларусі дазваляе часткова эканоміць на ўтылізацыйным зборы, а таксама прэтэндаваць на льготныя ўмовы лізінгу і крэдытавання.
Пакуль у Беларусі сабралі ўсяго 48 Citroen, якія ўжо паступілі ў продаж. Прынамсі пакуль у Беларусі будуць збіраць толькі аўто з бензінавым рухавіком. Усе машыны сабраныя з машынакамплектаў, якія набываюць у Кітаі ў кампаніі Dongfeng Peugeot Citroen Automobile Company LTD. Пры гэтым каля траціны кампанентаў у гэтых аўто — еўрапейскай вытворчасці.