БЕЛ Ł РУС

«Ён сапраўды дапамог украінскай арміі». Ва Украіне запусцілі насмешлівы флэшмоб пра Макса Каржа

10.06.2026 / 21:48

Станіслаў Покуць

Нечаканы ажыятаж вакол асобы беларускага спевака Макса Коржа пачаўся пасля публікацый украінскага актывіста і блогера Сяргея Сцярненкі ў сацсетцы Threads. Ён апублікаваў некалькі паведамленняў, у якіх сцвярджаў, што Корж нібыта дапамагаў УСУ. Гэта выклікала моцны водгук ва ўкраінскай аўдыторыі і ператварылася ў здзеклівы флэшмоб.

Адзін са шматлікіх жартаў пра Макса Каржа з прыпісанай яму няіснай цытатай, якія з'явіліся ва ўкраінскіх сацсетках

Сяргей Сцярненка, вядомы сваімі вострымі медыйнымі кампаніямі супраць прарасійскіх і апалітычных знакамітасцяў, спачатку апублікаваў лаканічны пост «Макс Корж», і дадаў да гэтых слоў смайлік поціску рукі.

Гэта імгненна справакавала лавіну каментарыяў, дзе карыстальнікі пачалі іранізаваць, нібыта артыст таемна перавёў увесь свой ганарар украінскім вайсковым фондам. А праз некалькі гадзін Сцярненка падкінуў у агонь яшчэ дроўцаў, апублікаваўшы наступнае: «Так, ён сапраўды дапамог украінскай арміі».

З падачы Сцярненкі ў інтэрнэце пачалі масава з’яўляцца жарты, мемы і паведамленні пра тое, што спявак нібыта пералічыў грошы на падтрымку УСУ. Некаторыя карыстальнікі нават называлі меркаваныя сумы ахвяраванняў і спасылаліся на «пацвярджэнні», хоць ніякіх афіцыйных доказаў або заяў самога Коржа пра такія данаты не было.

З цягам часу частка карыстальнікаў прыйшла да высновы, што гэта быў толькі тролінг або своеасаблівы сацыяльны эксперымент, які паказаў, наколькі хутка неправераная інфармацыя можа распаўсюджвацца ў сацыяльных сетках.

Штуршок гэтаму своеасабліваму флэшмобу быў зададзены нядаўнім канцэртам Макса Каржа ў Стамбуле. Падчас выступлення ў фан-зоне былі заўважаныя людзі са сцягамі Украіны, Расіі, Беларусі і іншых краін, а таксама з лозунгам F*ck politics. Гэта выклікала вострую рэакцыю ў інтэрнэце: адны лічылі гэта заклікам не змешваць музыку і палітыку, іншыя ж раскрытыкавалі такія жэсты ва ўмовах вайны.

Пазіцыя самога Макса Каржа адносна вайны ва Украіне ўжо неаднаразова выклікала спрэчкі. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ён выступіў супраць вайны і заклікаў да спынення гвалту, аднак частка ўкраінскай грамадскасці лічыць, што яго пазіцыя недастаткова выразная, бо ён не робіць рэгулярных палітычных заяў і працягвае выступаць для рускамоўнай аўдыторыі ў розных краінах.

Перад гэтым падобны флэшмоб ва ўкраінскіх сацсетках прынёс істотныя праблемы ўкраінскай спявачцы Ані Лорак, якая пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны і неабходнасці вызначыцца са сваімі сімпатыямі выбрала расійскі бок і працягнула зарабляць грошы, выступаючы ў Расіі.

Калі ва ўкраінскіх сацсетках сталі распаўсюджвацца чуткі пра нібыта фінансавую падтрымку з боку Лорак украінскага войска, частка расійскіх карыстальнікаў успрыняла іх як праўду.

На гэтым фоне расійскія дзяржаўныя органы пачалі праверку выканаўцы, а ў некалькіх гарадах былі адмененыя яе канцэрты. Улады і частка грамадскасці ў Расіі абвінавацілі спявачку ў нібыта недастаткова выразнай пазіцыі адносна вайны ва Украіне. Пры гэтым публічных доказаў таго, што Ані Лорак сапраўды пералічвала грошы на падтрымку УСУ, прадстаўлена не было — гэта проста прыдумана.

Чытайце таксама:

Як прайшоў канцэрт Макса Каржа ў Стамбуле. Туды даехала нават былая прапагандыстка

«Гэта пачуццё шчаслівага жыцця». Як больш за 40 тысяч чалавек плакалі, спявалі і абдымаліся на канцэрце Макса Каржа ў Бухарэсце

На канцэрце Каржа ў Бухарэсце для аховы арэны задзейнічаюць дзесяць тысяч чалавек

Каментары да артыкула