Лакалізавана месца падзення беспілотніка ў Слуцку
Ён упаў у аўторак у 12:20.
Месца падзення каля аўтасэрвіса на вуліцы Багдановіча, Google.maps
«Флагшток» знайшоў пацверджанне інцыдэнту з падзеннем беспілотніка ў Слуцку. Гэта адбылося днём 2 чэрвеня каля 12:20, пасля масіраванай паветранай атакі Расіі па тэрыторыі Украіны.
У распараджэнні «Флагштока» ёсць фота з месца падзення часткі БпЛА, якое не публікуецца з меркаванняў бяспекі.
Дзякуючы гэтаму здымку ўдалося вызначыць дакладнае месца «прылёту»: гэта ўскраіна Слуцка, прамысловая зона, участак побач з закінутай вайсковай часткай № 28390, тэрыторыя на пад’ездзе да шынамантажу па адрасе Багдановіча, 184.
Месца падзення на вуліцы Багдановіча
На фота бачны чорны, буйны, моцна пашкоджаны БпЛА. Прамавугольныя абрысы руля кіравання нагадваюць такія ў расійска-іранскага шахеда (Герань), піша «Флагшток».
Украінскія маніторынгавыя Telegram-каналы не заўважылі парушэння паветранай прасторы Беларусі падчас расійскай атакі 2 чэрвеня. З гэтага можна зрабіць выснову, што пралёт быў на нізкай вышыні або праз участак, які ўкраінскія маніторынгавыя каналы не бачаць.
Першая інфармацыя пра падзенне беспілотніка ў Слуцку з’явілася 2 чэрвеня ў мясцовых чатах, але яе хутка выдалялі. Каля 14:00 карыстальнікі паведамілі ў чаце пра перакрыццё вуліцы Багдановіча.
Інфармацыі пра інцыдэнт ад уладаў і дзяржаўных СМІ так і не з’явілася.