У дзень пачатку Пецярбургскага эканамічнага форуму УСУ нанеслі дзясятак удараў па нафтавым тэрмінале ў порце горада і базе Балтфлоту ў Кранштаце
удакладнена, дапоўнена
Гараць некалькі рэзервуараў. Удар нанесены і па базе Балтыйскага флоту ў Кранштаце.
Слупы дыму над нафтавым тэрміналам Пецярбурга. Фота AP Photo
Галоўны ў Расіі Пецярбургскі эканамічны форум пройдзе на фоне гіганцкіх пажараў на нафтавым тэрмінале.
Жыхары Санкт-Пецярбурга паведамляюць, што прыкладна з трэцяй гадзіны ночы над горадам сталі чутныя выбухі.
Губернатар Аляксандр Драздзенка каля сямі гадзін раніцы па мясцовым часе паведаміў пра 50 збітых беспілотнікаў.
У Кіраўскім раёне горада ў выніку атакі загарэўся «Пецярбургскі нафтавы тэрмінал» — адзін з найбуйнейшых перавалачных комплексаў, які займаецца захоўваннем, перапрацоўкай і адгрузкай нафты.
Прычым, мяркуючы з відэа, украінскія дроны білі па рэзервуарах амаль бесперашкодна. На відэа трапілі прынамсі шэсць удараў.
Вялізны слуп дыму ўзняўся і ў Кранштаце, на базе Балтыйскага флоту. Пазней Сілы беспілотных аперацый Украіны апублікавалі відэа: удар быў нанесены па карвеце «Бойкі», які там рамантаваўся.
У аэрапорце Пулкава затрыманыя дзясяткі рэйсаў. План «Дыван» Расавіяцыя ўвяла каля чацвёртай гадзіны раніцы. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што паведамленні з папярэджаннем аб пагрозе атакі беспілотнікаў у рэгіёне паступалі са спазненнем.