БЕЛ Ł РУС

Поп-зорка Дуа Ліпа выйшла замуж

31.05.2026 / 20:26

Nashaniva.com

На вясельны вобраз, які выпраменьваў гламур 70-х, спявачку, відавочна, натхніла Б'янка Джагер.

30‑гадовая поп-зорка Дуа Ліпа выйшла замуж за Калума Цёрнера ў Лондане ў ратушы Олд-Мэрылебон. Гэта здарылася 30 мая, піша Daily Mail.

36‑гадовы абраннік спявачкі — адзін з галоўных прэтэндэнтаў на ролю Джэймса Бонда.

Напярэдадні іх трохдзённага італьянскага свята пара правяла камерную афіцыйную цырымонію. Дуа Ліпа была ў касцюме са спадніцай ад Schiaparelli, белых пальчатках, каралях ад Bulgari і капелюшы з шырокімі палямі, створаным мадэльерам Стывенам Джонсам.

У руках яна трымала жоўты букет і была ў белых туфлях на абцасах ад Louboutin, калі выходзіла з ЗАГСа. Калум быў у элегантным прыталеным цёмна-сінім касцюме.

На вясельны вобраз, які выпраменьваў гламур 70-х, спявачку, падобна, натхніла Б'янка Джагер. Калі былая актрыса Б'янка выходзіла замуж за легенду музыкі Міка Джагера ў 1971 годзе, на ёй быў белы смокінг ад Yves Saint Laurent, доўгая шаўковая спадніца косага крою і вялікі капялюш.

Вяселле Б'янкі і Міка Джагера. Фота: Staff/Mirrorpix via Getty Images

Яшчэ да цырымоніі інсайдары называлі шлюб гэтай пары «шоу-бізнэс-вяселлем года», а таксама самым гучным шлюбам на Сіцыліі з таго часу, як Майкл Карлеонэ ў выкананні Аль Пачына ажаніўся з Апалоніяй Вітэлі ў класічным фільме «Хросны бацька» 1972 года.

На свята грошай не шкадавалі: паведамляецца, што пара забраніравала цэлы паверх з люксамі ў раскошным гатэлі Villa Igiea з відам на Тырэнскае мора. Сама цырымонія пройдзе ў віле XVII стагоддзя Villa Valguarnera — бадай, самай пышнай з віл у Багерыі.

Сярод музычных зорак, якія павінны наведаць імпрэзу, значацца сэр Элтан Джон, Марк Ронсан і Charli XCX, а ад свету моды — Данатэла Версачэ і Сімон Порт Жакмюс.

Мяркуецца, што перад вяселлем Дуа ездзіла ў Італію на сустрэчу з Данатэлай, каб узгадніць дэталі сукенкі, якую дызайнерка шые для яе важнага дня. Дзякуючы яе даўняму сяброўству з мадэльерам, сябры ўпэўнены, што Дуа будзе ў эксклюзіўнай сукенцы ад Atelier Versace.

Чытайце таксама:

Дуа Ліпа і Калум Тэрнер ажэняцца на наступным тыдні. Вяселле будзе казачным

Каментары да артыкула