БЕЛ Ł РУС

Украінца, які хацеў патаемна перабрацца ў Румынію, на мяжы затрымала сапраўдная мядзведзіца

30.05.2026 / 22:17

Nashaniva.com

На ўкраінскім Закарпацці адбыўся незвычайны выпадак: мужчына з Кіева, які спрабаваў незаконна перайсці мяжу з Румыніяй, сустрэўся па дарозе з дзікай мядзведзіцай. 

Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com

Украінец самастойна спланаваў маршрут у абыход афіцыйных пунктаў пропуску і пайшоў у дарогу ноччу. Аднак падчас пераходу мяжы нечакана трапіў на драпежную жывёліну. Каб уратавацца, мужчына быў вымушаны залезці на дрэва і там заставаўся некаторы час.

Знаходзячыся на вышыні, ён спрабаваў звярнуцца па дапамогу, хоць да іншых ягоных нягод далучыліся і праблемы са сувяззю. У выніку яго знайшлі на тым дрэве вайскоўцы памежнай службы. Да таго моманту мядзведзіцы побач ужо не было.

Памежнікі дапамаглі мужчыну бяспечна спусціцца з дрэва і даставілі яго ў падраздзяленне. За спробу незаконнага перасячэння мяжы на яго склалі адміністрацыйны пратакол. Цяпер яму пагражае штраф або нават кароткатэрміновы арышт.

У памежнай службе падкрэслілі, што спробы нелегальнага пераходу мяжы вельмі небяспечныя і могуць пагражаць жыццю і здароўю. Пераходзіць праз мяжу, маўляў, трэба толькі законным спосабам.

Чытайце таксама:

«Вось яшчэ такі сюрпрыз». Мядзведзя заўважылі за 25 кіламетраў ад Мінска

Дзяўчынка сустрэла на лецішчы мядзведзя. Ён мірна адпачываў у двары

Пад Барысавам мядзведзіца нарадзіла ажно чатырох медзведзянят. Гэта вельмі рэдкі выпадак

«Нешта ў грыбы сёлета расхацелася». Пад Барысавам на полі пабачылі адразу пяць мядзведзяў

Каментары да артыкула