Лукашэнка: Размова з Макронам доўжылася 1 гадзіну 40 хвілін. Пройдуць перамовы з прадстаўніком Францыі
Аляксандр Лукашэнка расказаў пра некаторыя дэталі размовы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам 24 мая. Лукашэнка таксама заявіў, што «было б някепска, каб можна было б у Літве грузіць калій»
Аляксандр Лукашэнка. Фота: AP Photo Pavel Bednyakov, Pool
Аляксандр Лукашэнка расказаў пра просьбу з боку французскага прэзідэнта:
«Я кажу: «Слухай, ну мы з табой размаўляем — гэта практычна адкрытая сувязь. Пра што мы можам з табой пагаварыць? Пасля Ерэвана ў Маскву ты не прыехаў, у Мінск ты не прыехаў. Пра што гаварыць?» Ён мне кажа: «Спадар Прэзідэнт, вы можаце прыняць маю давераную асобу і з ёй пагаварыць, і каб ён прыехаў і мне ўсё гэта выклаў?»
Лукашэнка, па яго словах, даў на гэта сваю ласкавую згоду: маўляў, калі баіцца прыехаць сам Макрон, то хай будзе хоць прадстаўнік.
«Днямі літаральна — у панядзелак-аўторак (не памятаю) — гэты чалавек будзе тут. Не хачу называць яго прозвішча. Ён (Макрон. — НН) назваў каардынаты. І мы з ім (даверанай асобай. — НН) сур'ёзна пагаворым. Гэта яго чалавек, абсалютна давераны, ён у тэме. І я яму выкажу дэталёва ўсе праблемы, якія існуюць».
Лукашэнка таксама заявіў, што «было б някепска, каб можна было б у Літве грузіць калій», але калі не, то таксама не смяротна.
«Мы прыйшлі да адзінага меркавання, што ўсе пытанні еўрапейскай бяспекі і Еўропы павінны вырашацца ў Еўропе. Не Дональд Трамп павінен трапаць там нас па галаве і штурхаць да міру ці яшчэ да чагосьці. А мы павінны вырашаць гэтыя пытанні. Таму што мы непасрэдна тут жывём. І не чакаць, што нас нехта пасадзіць за стол як дохлых кацянят і прымусіць рашаць гэтыя праблемы», — заявіў Лукашэнка.
Раней паведамлялася, што 5—6 лютага гэтага года Мінск наведаў дырэктар дэпартамента кантынентальнай Еўропы галоўнага дэпартамента па палітычных пытаннях і бяспецы МЗС Францыі Брыс Ракфёй. Візіт адбыўся па запрашэнні беларускага боку.
Французскі прадстаўнік сустрэўся з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Ігарам Сакрэтам, а таксама правёў «кансультацыі з прадстаўнікамі беларускага экспертна-аналітычнага асяроддзя».
Чытайце таксама:
Парыж: Макрон папярэдзіў Лукашэнку
Ціханоўская пракаментавала тэлефонную размову Макрона і Лукашэнкі