БЕЛ Ł РУС

Мядзведзеў заявіў, што ўдар расійскага беспілотніка па румынскім доме невыпадковы, і папярэдзіў, што будуць іншыя

29.05.2026 / 16:40

Nashaniva.com

Намеснік старшыні Рады бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў выбухнуў у дзяржмесенджары Max грубай тырадай на адрас Еўрапейскага Саюза пасля таго, як расійскі беспілотнік урэзаўся ў жылы дом у румынскім горадзе Галац. Сярод іншага ён назваў краіны ЕС «удзельнікамі вайны» супраць Расіі і паабяцаў, што падобныя інцыдэнты на тэрыторыі Еўропы будуць працягвацца, піша The Moscow Times.

Дзмітрый Мядзведзеў. Фота: Ekaterina Shtukina / Sputnik / AP

«Еўраімпатэнты раскрычаліся наконт трапляння нейкага беспілотніка ў румынскі жылы дом. Усім краінам ЕС трэба заткнуцца на гэтую тэму. Еўрапейскія дзяржавы — прамыя ўдзельнікі вайны з Расіяй. Так, яны ваююць рукамі бандэраўцаў, але якая нам розніца?», — напісаў Мядзведзеў.

Ён дадаў, што «еўрапейскія БПЛА, запчасткі да іх, іншае ўзбраенне, не кажучы ўжо пра разведданыя, кожны дзень бяруць удзел у атаках на нашу краіну», а за «тэракт у Старабельску наўпрост адказвае розная дрэнь тыпу урсулак, мерцаў, макронаў, стармераў і астатняй погані».

«Таму няхай падрыхтуюцца: гэта будзе адбывацца і далей. Ідзе вайна! І грамадзяне дзяржаў ЕС, як насельніцтва ваюючых краін, не змогуць спаць спакойна. Асабліва ў тых месцах, дзе размешчаныя вытворчасці БПЛА для патрэб бандэраўскіх фармаванняў. Так што заваліце хлябала. Гэта пакуль кветачкі!», — рэзюмаваў былы прэзідэнт Расіі.

Інцыдэнт, на які адрэагаваў Мядзведзеў, адбыўся мінулай ноччу. Расійскі беспілотнік урэзаўся ў жылы шматпавярховік на ўсходзе Румыніі. Паводле даных мясцовых уладаў, у кватэры на 10‑м паверсе ўспыхнуў пажар, пацярпелі два чалавекі — у тым ліку 14‑гадовы падлетак. Пасля ўдару прадстаўнікі НАТА прынялі рашэнне правесці экстраннае пасяджэнне, паведаміў прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб.

«Расія пераходзіць чарговую мяжу ў сваёй агрэсіўнай вайне», — напісаў Стуб у X.

Асудзілі гэта і іншыя лідары краін НАТА і Еўрасаюза, уключаючы кіраўніцу Еўракамісіі Урсулу фон дэр Ляйен і кіраўніцу еўрадыпламатыі Каю Калас.

Генсек НАТА Марк Рутэ заявіў, што альянс «гатовы абараняць кожны дзюйм тэрыторыі саюзнікаў» і працягне нарошчваць «гатоўнасць да стрымлівання» ад дронаў. Дзеянні Расіі ён назваў «неабдуманымі».

Чытайце таксама:

Расійскага консула ў румынскай Канстанцы абвясцілі персонай нон-грата

НАТА склікае экстраннае пасяджэнне пасля ўдару беспілотніка па шматпавярховым доме ў Румыніі

У Румыніі расійскі дрон трапіў у шматпавярховік

Каментары да артыкула