Сына кіраўніцы Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне Святланы Шацілінай затрымалі, але адпусцілі
абноўлена
Сутнасць падазрэнняў у яго бок пакуль незразумелая.
Мікіта Шацілін. Фота: @dtp.kiev.ua
Інфармацыя пра затрыманне Мікіты Шаціліна з’явілася ва ўкраінскіх СМІ. Яны напісалі, што Мікіта Шацілін, начальнік упраўлення па пытаннях ветэранскай палітыкі Ірпенскай гарадской рады, мог быць затрыманы за ўдзел у схемах, звязаных з дапамогай ва ўхіленні ад мабілізацыі.
«Прычыны і абставіны затрымання я пакуль не ведаю, бо ў мяне не было магчымасці звязацца з сынам. Спадзяюся, што хутка буду валодаць больш поўнай інфармацыяй і мы яе дамо», — сказала «Нашай Ніве» Святлана Шаціліна.
Сям’я Святланы Шацілінай. Мікіта — першы злева. Фота: сямейны архіў
Мікіта Шацілін — ветэран вайны, ён браў удзел у баявых дзеяннях на баку Украіны яшчэ ў 2014 годзе. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ўдзельнічаў у абароне Ірпеня, Барадзянкі і Макарава. Узнагароджаны ордэнам «За мужнасць» III ступені.
Бліжэй да вечара Мікіту Шаціліна выпусцілі — ён запісаў відэа, на якім ідзе па вуліцы, пацвярджае сваё затрыманне, якое адбылося 26 мая. І дадае, што «даваць каментары па справе яму забаронена ўкраінскім заканадаўствам».