БЕЛ Ł РУС

Севярынец: Ды дваццаць улезе, я табе кажу

29.05.2026 / 09:37

Nashaniva.com

Экс-палітвязень расказаў у сваім фэйсбуку, як улетку 2020 года рэжым рыхтаваўся ня проста да масавых, а да магутных масавых пратэстаў.

«У карцарах і камерах, куды мяне закідвалі да стукачоў ужо ў чэрвені-ліпені, я даведаўся пра надзвычайныя меры, якія прымала адміністрацыя турмаў напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2020 года.

Найперш, міліцыянты за месяц да падзеяў, на пачатку ліпеня, метадычна абыходзілі ўсе камеры Цэнтра ізаляцыі і следчага ізалятару, правяраючы вентыляцыю і абсталяванне, а таксама вымяраючы «карысны аб'ём» кожнай камеры. 

Дзеля чаго? Каб ведаць, колькі людзей можна максімум «утрамбаваць» у хаты, каб пры гэтым людзі не задыхнуліся насмерць. Пры мне супрацоўнікі выпрабоўвалі, ці добра прымацаваныя столікі ды ложкі, і лічылі на паперцы кубаметры паветра, якія застануцца, калі ў стандартную чатырохмясцовую хату (разлічаную на чатырох вязняў) ўпіхнуць як мага болей народу.

Такая сабе школьная задачка: колькі максімум людзей выжыве ў зачыненай камеры памерам з хрушчоўскую кухню цягам 10‑15 сутак.

Стаяць двоешнікі ў форме, перамнажаюць слупком, шушукаюцца:

— Ну, шестнадцать получается. По норматіву.

— Да влезет двадцатнік, я те говорю.

Памятаю, у мяне пайшлі мурашкі па скуры. Бо згадаў, як аднойчы, яшчэ у 2001-ым, атрымаў суткі на Дзень дэкларацыі незалежнасці, якраз у ліпені – і ў аўтазаку, калі перавозілі з райаддзела на тое ж Акрэсціна, ледзь не задыхнуўся ў жалезным, разлічаным на аднаго вязня, катушку-«пенале»: нас туды ўвапхнулі трох.

Правяралі і ўмяшчальнасць дворыкаў для прагулак: у жніўні іх будуць запаўняць пад завязку і люта збіваць людзей там дручкамі ды ботамі.

А яшчэ раней ва ўсёй турмы пазабіралі матрасы — так званую «вату».

Па-першае, лішні аб'ём, а па-другое, пры бунтах у турмах менавіта «вата» выкарыстоўваецца вязнямі для абароны і гарыць, калі робяць «дымавухі». Усё Акрэсціна, пачынаючы з чэрвеня 2020 года, спала на голых дошках.

І, само сабой, вучэнні спецназа ды асабовага складу. Пад бокам у Акрэсціна — «Белполк», адмысловая частка ўнутраных войскаў. У чэрвені-ліпені раз на два тыдні ў суседніх з Акрэсціна дварах грукалі шчыты і раўлі машыны.

Мы яшчэ не ведалі, што за дзіч будзе тварыцца ў жніўні 2020 года на Акрэсціна. А таварышы начальнікі не проста ведалі — яны гэтую дзіч мэтанакіравана рыхтавалі.

Таму жнівеньскія шэпты ад супрацоўнікаў у кармушкі — «Ребята, потерпіте чуток, нікто ж не знал, что так всё будет» — поўная лухта.

І можна толькі здагадвацца, да чаго яны рыхтуюцца цяпер.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула