Ракета Blue Origin мільярдэра Джэфа Безаса выбухнула на старце
«Ракеты —штука няпростая», — пракаментаваў яго канкурэнт Ілан Маск.
Скрыншот відэа NASA
Ракета кампаніі Blue Origin мільярдэра Джэфа Безаса выбухнула на стартавай пляцоўцы мыса Канаверал у Фларыдзе (ЗША).
«Падчас сённяшніх выпрабаванняў з запальваннем рухавіка адбылася анамалія», — паведамілі кампанія 29 траўня.
Безас запэўніў, што ўвесь персанал у бяспецы. Прычыны выбуху ракеты New Glenn пакуль не называюцца. «Вельмі цяжкі дзень, але мы адновім усё, што спатрэбіцца, і вернемся да палётаў. Гэта таго варта», — напісаў мільярдэр.
Blue Origin — канкурэнт кампаніі SpaceX. Яе заснавальнік Ілан Маск пракаментаваў інцыдэнт з ракетай: «Вельмі сумна. Ракеты — штука няпростая».
У Blue Origin заключаны кантракт з амерыканскім касмічным агенцтвам на пастаўку пасадачнага модуля для дастаўкі астранаўтаў на Месяц у рамках праграмы NASA Artemis.
Высадка на Месяц запланавана на 2028 год.