З кім сябруюць унучкі Лукашэнкі? Іх маці зрабіла галавакружную кар’еру
Расследаванне «Бюро» выявіла некаторыя падрабязнасці шматгадовага сяброўства паміж дзецьмі Віктара Лукашэнкі і сям’ёй бізнэсвумен Людмілы Няронскай.
Ліпень 2019 года. Ганна Яраш і Вікторыя Лукашэнка ў Дубліне, Ірландыя. Крыніца: інстаграм-акаўнт Ганны Яраш
Як высветліла «Бюро», асабліва блізкія адносіны склаліся паміж унучкай Аляксандра Лукашэнкі Вікторыяй Лукашэнка і Ганнай Яраш — старэйшай дачкой бізнэс-лэдзі, уладальніцы рыбнай імперыі, Людмілы Няронскай.
Самыя раннія сумесныя фатаграфіі Вікторыі Лукашэнкі і Ганны Яраш, якія здолелі адшукаць журналісты, датуюцца 2014 годам. Імаверна, дзяўчаты пазнаёміліся яшчэ падчас вучобы ў мінскай гімназіі №16 — адной з прэстыжных школ сталіцы. Мяркуючы па ўсім, яны былі аднакласніцамі.
Ганна Яраш (злева) і Вікторыя Лукашэнка (справа). 2014 год. Крыніца: інстаграм-акаўнт Ганны Яраш
Пасля школы Вікторыя Лукашэнка паступіла на факультэт міжнародных адносінаў БДУ, а Ганна Яраш паехала ў Вялікабрытанію, дзе вывучала электратэхнічную і электронную інжынерыю ва ўніверсітэце Нотынгема.
Чэрвень 2016 года. Выпускны вечар Вікторыі Лукашэнкі (другая злева ў чырвонай сукенцы) і Ганны Яраш (чацвёртая справа ў чырвонай сукенцы). Крыніца: інстаграм-акаўнт Ганны Яраш
Нягледзячы на адлегласць, дзяўчаты працягвалі падтрымліваць цёплыя адносіны. У сацсетках Ганны Яраш захавалася відэа, дзе Вікторыя Лукашэнка віншуе Людмілу Няронскую з днём народзінаў і называе яе «цёцяй Людай».
Расследаванне паказвае, што Няронскія і Лукашэнкі не толькі сябравалі, але і рэгулярна адпачывалі разам.
Ліпень 2016 года. Вікторыя Лукашэнка і Ганна Яраш у Рыме. Крыніца: інстаграм-акаўнт Ганны Яраш
У ліпені 2016 года Вікторыя Лукашэнка і Ганна Яраш разам паехалі ў Рым. Паводле звестак «Кіберпартызан», у Італію яны ляцелі ў кампаніі Людмілы Няронскай, Ліліі Лукашэнкі і малодшага сына Віктара Лукашэнкі — Аляксандра.
Праз тры гады, у ліпені 2019-га, кампанія зноў сустрэлася ў Еўропе — гэтым разам у Дубліне.
Ліпень 2019 года. Ганна Яраш і Вікторыя Лукашэнка ў Дубліне, Ірландыя. Крыніца: інстаграм-акаўнт Ганны Яраш
Журналісты налічылі як мінімум чатыры сумесныя замежныя паездкі Няронскіх і Лукашэнкаў — у 2015, 2016, 2018 і 2019 гадах.
Раней паведамлялася, што ў 2019 годзе Няронская разам з сям'ёй Віктара Лукашэнкі (жонкай і дзецьмі) лятала на прыватным бізнэс-джэце з Мінска ў Дубай. На зваротным шляху да іх далучыўся і сам Віктар.
Блізкія адносіны паміж сем’ямі захоўваюцца і па-за адпачынкамі.
Напрыклад, у жніўні 2022 года прадстаўнікі сям’і Лукашэнкі былі на раскошным вяселлі Ганны Яраш. У загарадным комплексе «Іслач-парк» сабраліся дзясяткі гасцей, для якіх арганізавалі танцы пад жывы акампанемент, фотазоны, настольныя гульні і выязны бар.
Дзмітрый Дзятлаў і Вікторыя Лукашэнка на вяселлі Ганны Яраш
Сярод гасцей журналісты заўважылі Вікторыю Лукашэнку разам з мужам Дзмітрыем Дзятлавым.
У 2023 годзе сужэнцаў Дзятлавых таксама заўважылі сярод гасцей на вяселлі Сцяпана — сына трэцяга мужа бізнэс-лэдзі Глеба Няронскага ад першага шлюбу.
Дзмітрый Дзятлаў і Вікторыя Лукашэнка на вяселлі Сцяпана Няронскага
Падобна, што сяброўства распаўсюджваецца і на іншых прадстаўнікоў дзвюх сем’яў.
У красавіку 2025 года другая дачка Людмілы Няронскай Таццяна Зайцава была заўважаная на матчы «Дынама-Мінск» супраць чалябінскага «Трактара». Побач з ёй на трыбуне знаходзіліся Віктар Лукашэнка і яго дачка Валерыя Лукашэнка.
Верхні шэраг злева направа: Валерыя Лукашэнка і Таццяна Зайцава. Ніжні шэраг злева направа: Дар’я Домрачава і Уле-Эйнар Б’ёрндален. Крыніца: @sport5.by / Instagram
Бізнэс-імперыя Няронскай
Людміла Няронская — беларуская бізнэсвумен, якая з пачатку 2000‑х гадоў працавала ў сферы гандлю і транспарціроўкі звадкаваных вуглевадародных газаў. Разам з бізнэсоўцам Артурам Зубарыкам яна развівала кампаніі «Сыравінныя рэсурсы — Бел», «Трансэкспедыцыя» і «Газэнэрджыхім». У 2017—2018 гадах структуры Няронскай называліся сярод асноўных удзельнікаў рээкспарту расійскага ЗВГ ва Украіну і Польшчу праз Беларусь. Пасля пачатку вайны ва Украіне і ўвядзення санкцый гэты бізнэс фактычна спыніўся.
Асабняк Няронскіх у вёсцы Прудзішчы пад Мінскам. Фота: buromedia.io
У 2022 годзе Няронская пачала развіваць рыбны бізнэс, зарэгістраваўшы ў сакавіку кампанію «Марскія промыслы», а ўжо ў красавіку таго ж года ў Расіі стварыла кампанію «Саюзныя рыбныя промыслы». Паводле расследавання «Бюро», фірма атрымала квоты на вылаў рыбы на Далёкім Усходзе ў межах беларуска-расійскіх пагадненняў. У кастрычніку 2022 года Няронская заснавала кампанію «Марскія сезоны», а пазней — «Марскую мануфактуру», якая развівае рыбную краму і кафэ пад брэндам «Рыбны дом «Марскія сезоны».
Прыватны парк Няронскіх. Фота: buromedia.io
Як адзначае «Бюро», ва ўсіх згаданых фірмах розныя пасады займаў Дзмітрый Дзятлаў — муж Вікторыі Лукашэнкі і зяць Віктара Лукашэнкі. Аднак, як сцвярджаюць расследвальнікі, ён не адзіны, хто атрымлівае выгаду ад рыбнай імперыі Няронскай.
У чэрвені 2025 года Людміла Няронская на пару з сынам Віктара і Ліліі Лукашэнкі, Аляксандрам Лукашэнкам-малодшым, зарэгістравала сумесны бізнэс — фірму «Сезон упакоўкі». Акрамя таго, у структурах Няронскай працуе яшчэ і муж роднай сястры Ліліі Лукашэнкі — Аляксандр Гарусаў. З 2024 года ён працуе ў «Марскіх сезонах» намеснікам дырэктара па бяспецы.
Чытайце таксама:
Аляксандр Лукашэнка-малодшы засвяціўся ў рыбным бізнэсе
Сяброўка Віктара Лукашэнкі рыхтуецца адкрыць трэцяе бістро ў Мінску