Сотні пасажыраў з раніцы чакалі вылет з Мінска ў Анталію — «Белавія» кажа, што самалёт зламаўся
дапоўнена
«Урны забітыя, пра туалеты маўчу».
Фота: LookByMedia
Беларусы з самага ранку чакалі свой рэйс з Мінска ў Анталію. Усё праз паламаны самалёт, якому ніяк не маглі даць рады.
Дэталі гэтай гісторыі сабрала карыстальніца Threads пад нікам kachan_marina. Паводле яе, у ноч на 8 мая, у 2.20, з Мінска мусіў вылецець самалёт у Анталію, але ж ён зламаўся. Адна з пасажырак распачала скандал, і той групе аддалі самалёт, якім у Анталію мусіў вылецець рэйс на 8.45.
Тым часам людзі, якія мусілі вылецець у Анталію ранкам, увесь час знаходзіліся ў мінскім аэрапорце:
«Наша група (каля 200 чалавек, дзеці, пажылыя і дарослыя) чакае свайго вылета ўжо 10 гадзін. Кампанія дала гарачыя абеды, сэндвічы і ваду.
Фота: Threads
Але ўвесь гэты час проста пад вокнамі спрабуюць адрамантаваць рухавік самалёта і абяцаюць нам вылет у 19.00».
Паводле жанчыны, калі самалёт да гэтага часу не пачыняць, людзей адправяць у гатэль, а вось наступная група людзей выляціць па раскладзе — у 2.20.
Іншыя пасажыры таго няўдалага рэйса таксама прыйшлі ў Threads. Вось што піша жанчына пад нікам chernyaalina:
«Прадстаўнікі кампаніі нічога не кажуць, іншыя рэйсы вылятаюць. Сметніцы забітыя, пра туалеты маўчу. Гарачае харчаванне для дзяцей праз абурэнне.
Ніхто ні ў чым не вінаваты! Проста 200 чалавек сядзяць і чакаюць незразумела чаго!»
Фота: Threads
У каментарах да аднаго з пастоў з'явіўся мужчына, якія чакае таго ж рэйса ў Анталіі, каб вярнуцца ў Мінск. Ён мусіў вылецець у Беларусь у 15 гадзін, цяпер вылет абяцаюць у 2 гадзіны 9 мая.
Дапоўнена. А 19‑й самалёт нарэшце выляцеў.
Чытайце таксама:
Адмянілі шэсць маскоўскіх рэйсаў «Белавія»
«Калі яшчэ раз падымуць, адмовімся ад тура». Беларусы сутыкнуліся з падаражаннем авіябілетаў