Нямецкі турыст выйграў суд пра занятыя лежакі ля басейна
Турыст з Германіі паскардзіўся ў суд на тое, што на адпачынку ў Грэцыі не мог загараць на лежаку, бо яго вечна займалі іншыя турысты, пазначаючы ручнікамі, піша Бі-бі-сі.
Фота Peter Cade / Getty Images
Гэты чалавек, чыё імя ў прэсе не абвяшчаецца, адпачываў з сям'ёй у Грэцыі ў 2024 годзе. Ён штораніцу ўставаў а шостай гадзіне, каб заняць ляжак — і ўсё роўна цярпеў няўдачу.
За адпачынак у гатэлі на грэцкім востраве Кос усёй сям'ёй — ён, жонка і двое дзяцей — ён заплаціў 7186 еўра.
Пасля вяртання ён паскардзіўся ў акруговы суд Гановера на фірму-тураператара за тое, што яна не змагалася з такой практыкай «рэзервавання» лежакоў пры дапамозе ручнікоў.
У судзе ён сказаў, што сам гатэль забараніў гэтую практыку, але турыстычны аператар нічога не рабіў для таго, каб увасобіць забарону ў жыццё, то бок не патрабаваў ад кліентаў, каб яны не пазначалі лежакі ручнікамі.
У выніку дзецям, па яго словах, даводзілася загараць на падлозе.
Тураператар да суда ўжо выплаціў яму 350 еўра кампенсацыі, але суд вырашыў, што гэтага мала, і прысудзіў яму 986 еўра і 70 цэнтаў.
Суддзя патлумачыў, што, хоць турыстычны аператар і не валодае гэтым гатэлем і таму не можа сам забяспечыць кожнага свайго кліента вольным лежаком, ён усё ж павінен быў пераканацца, што на курорце, куды ён прадае тур, адпачынак арганізаваны належным чынам, і ў тым ліку забяспечаныя «разумныя» суадносіны колькасці лежакоў і гасцей.
З праблемай лежакоў ці шэзлонгаў, пастаянна «забраніраваных» ручнікамі, турысты сутыкаюцца ў многіх месцах.
Летась, напрыклад, у сацсетках з'явіліся відэа турыстаў на Канарскіх выспах, якія спалі ў шэзлонгах, каб не згубіць месца каля басейна.
Некаторыя турыстычныя кампаніі спрабуюць змагацца з гэтай праблемай. Кампанія Thomas Cook Tourism, напрыклад, прапануе кліентам загадзя забраніраваць месца каля басейна — за дадатковую плату.
У Іспаніі ж у некаторых месцах увялі вялікія штрафы для турыстаў, якія займаюць месца для загарання ручніком ці сваімі рэчамі і затым надоўга знікаюць.