Наталля Дуліна публічна адказала на паклёп з боку другой палітзняволенай, Галіны Дзербыш
Былая палітзняволеная Наталля Дуліна падзялілася ў фэйсбуку гісторыяй пра канфлікт паміж ёй і другой вядомай палітзняволенай Галінай Дзербыш. Гэты канфлікт пачаўся яшчэ ў калоніі, працягваецца на свабодзе ў эміграцыі. Цяпер у яго аказалася ўцягнутая і трэцяя былая палітзняволеная — Ксенія Луцкіна. Дуліна была вымушаная адрэагаваць, бо абвінавачванні ад Дзербыш узяўся распаўсюджваць непераборлівы блогер Сяргей Пятрухін.
Наталля Дуліна
«Мне вельмі не хацелася пра гэта гаварыць і пісаць. Калі ўсё гэта пачалося тут, у эміграцыі, я цвёрда вырашыла ні перад кім не апраўдвацца і не рабіць публічных заяў. Гэтаму мяне навучыла калонія. Каб захаваць сваю годнасць, лепш за ўсё не адказваць на правакацыі і агрэсію. Галоўнае — што менавіта я ведаю пра саму сябе і свае дзеянні.
Але ўзяцца за фэйсбучнае пяро мяне прымусіла тое, што я выпадкова знайшла на старонцы ў Сяргея Пятрухіна. Гаворка ідзе пра публічныя абвінавачванні, якія выказала былая палітзняволеная Галіна Дзербыш на адрас іншай былой палітзняволенай Ксеніі Луцкіной.
І цяпер я вымушаная ўмяшацца і загаварыць пра гэта, таму што Галіна пераследуе Ксенію з-за мяне.
Калі «Наша Ніва» рабіла інтэрв'ю з Галінай Дзербыш, яна расказвала пра свае крыўды на Дуліну і нашаму карэспандэнту. Мы праверылі агучаную ёй інфармацыю праз іншых палітвязняў і пераканаліся, што абвінавачванні беспадстаўныя.
Усё пачалося з таго, што мы з Галінай апынуліся ў адным атрадзе. Спачатку ў нас былі добрыя адносіны, але потым у нейкі момант яна мяне незалюбіла і стала гаварыць пра мяне паскудствы. Усіх новенькіх дзяўчат, якія прыходзілі ў атрад, асабліва палітычных, яна настройвала супраць мяне. Заяўляла, што я ніякая не «палітычная», а «пыл падплотны» — так яна мяне называла, і гэта, бадай, самы бяскрыўдны выраз з тых, якімі яна мяне шчодра надзяляла. А пасля і зусім стала ўсім вакол расказваць, што я «працую» на адміністрацыю калоніі.
Я ніколі нікому не скардзілася ні на яе, ні на іншых сваіх крыўдзіцеляў. Мы ж усе ў адной лодцы, усе мы безабаронныя і цалкам залежым ад начальства калоніі, хіба можна бегчы да іх па дапамогу? Дарэчы, аднойчы яна сказала адной асуджанай прылюдна, што ахвотна перарэзала б ёй горла. Тая паскардзілася атраднаму аператыўніку, той сабраў нас, пенсіянерак — астатнія дзяўчаткі былі на працы, — і стаў высвятляць у нас, ці сапраўды Галіна такое казала. Я яе не выдала, сказаўшы, што нічога падобнага не чула. І Галіна гэта ацаніла і сказала мне пра гэта.
А потым усё працягнулася. У калоніі мы ўсе як на далоні. Калі хтосьці з нас камунікуе з операмі, гэта не можа застацца незаўважаным. Мяне адміністрацыя не чапала, але некаторыя супрацоўнікі чапляліся і каралі, у асноўным гэта былі нейкія прыбіральныя працы. Аднойчы мне нават давялося фарбаваць сцены ў памяшканні, хоць пенсіянераў звычайна да такіх работ не прыцягвалі, нават ёсць такі закон у КВК, арт. 101. Усё гэта было на яе вачах. Няўжо мяне прымушалі б гэта рабіць, каб я працавала на супрацоўнікаў?
Урэшце нас з Галінай раскідалі па розных атрадах. І яна апынулася ў адным атрадзе з Ксеніяй Луцкіной. Галіна адразу пачала ёй расказваць, якая я дрэнная, а калі Ксенія спыніла гэта, сказаўшы, што добра мяне ведае і не верыць яе словам, Ксенія адразу стала для яе ворагам № 1 і яна пачала псаваць жыццё ўжо Ксеніі.
Увесь гэты «дзіцячы садок» нібыта скончыўся, калі выйшла па памілаванні спачатку Ксенія, потым «вывелі» мяне (выправадзілі), а затым вызвалілі і Галіну. Нягледзячы ні на што, я вельмі была радая за яе, таму што па-чалавечы ёй спачувала. У яе быў тэрмін 20 гадоў! Гэта неймаверна, у жаночай калоніі з такім тэрмінам — 20—23 гады — сядзелі толькі жанчыны-дзетазабойцы! Беларускае заканадаўства бязлітаснае да тых, хто здзяйсняе злачынства супраць дзяцей. Але, як мы цяпер ведаем, не толькі да іх.
Галіна Дзербыш (справа) у Вільні ў дзень вызвалення з калоніі 11 верасня 2025 года. Фота: «Наша Ніва»
І раптам праз пэўны час Галіна вярнулася да сваіх абвінавачванняў, адрасаваных мне і Ксеніі, стала распаўсюджваць хлуслівую інфармацыю сярод прадстаўнікоў нашай дэмакратычнай беларускай дыяспары ў Польшчы і Літве. Да мяне дайшлі звесткі, што яна заявіла, што зробіць усё, каб мяне і Ксенію дэпартавалі ў Беларусь.
У мяне ў той час яшчэ не было дакументаў на пражыванне ў краіне, толькі нацыянальная віза. Вельмі доўга мне давялося іх чакаць, у міграцыйнай службе на мой запыт адказалі, што мяне «правяраюць» мясцовыя органы бяспекі. Я цудоўна разумела, што дзеянні Галіны таксама маглі б спрыяць зацягванню маёй тут легалізацыі. Тым не менш я не стала звяртаць на гэта ўвагі, пакуль гэта не кранула Ксенію. Я — сама па сабе, адказваю толькі за сябе. А Ксенія балатуецца ў Каардынацыйную раду, і такія «наезды» на яе падрываюць давер да дэмсілаў, прычым абсалютна несправядліва.
Ксенія Луцкіна. Фота: «Наша Ніва»
У нармальнай сітуацыі грамадзянін нармальнай краіны мог бы паскардзіцца на такія дзеянні, падаць у суд. Я не стану, натуральна, гэтага рабіць, нават калі б была абароненая правамі грамадзяніна Літвы, а грамадзянства ў мяне няма. Ды і здзяйсняць гэта ў дачыненні да чалавека, які прайшоў праз такія пакуты, я ніколі не буду.
Для мяне застаецца загадкай, чаму яна гэта робіць? Яе «ахвярамі», хоць і не ў такім маштабе, станавіліся і іншыя палітвязні (менавіта «свае», палітычныя! Ну чаму?) Я не магу іх назваць, яны яшчэ па-ранейшаму ў калоніі. Напрыклад, Марына Золатава, якая была з намі ў адным атрадзе і стала сведкай усяго гэтага абсурду, лічыць, што ў Галіны не ўсё ў парадку з псіхікай. Мне Галіна здаецца цалкам адэкватным чалавекам. І, па-мойму, яна добра ўсведамляе тое, што распаўсюджвае хлусню і спрабуе расчуліць іншых.
Увогуле, вельмі ўсё гэта прыкра».