БЕЛ Ł РУС

Украіна абвясціла рэжым цішыні з 0:00 6 мая

4.05.2026 / 22:11

Nashaniva.com

Гэта адказ на аднабаковае абвяшчэнне перамір'я Крамлём на 8 і 9 мая без ніякага ўзгаднення з украінскім бокам.

Фота: Ebrahim Noroozi / AP

«На сённяшні дзень не было ніводнага афіцыйнага звароту да Украіны адносна мадальнасцяў спынення баявых дзеянняў, пра якія заяўляецца ў расійскіх сацыяльных сетках. Мы лічым, што чалавечае жыццё з’яўляецца невымерна большай каштоўнасцю, чым «святкаванне» якой-небудзь гадавіны. У сувязі з гэтым аб’яўляем пра рэжым цішыні, пачынаючы з 00:00 у ноч з 5 на 6 мая. За час, які маецца да гэтага моманту, рэалістычна забяспечыць наступленне цішыні. Будзем дзейнічаць люстрана, пачынаючы з указанага моманту», — напісаў у сацсетках прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Невядома, ці далучыцца Расія да перамір'я ў такім фармаце. Яно б дазволіла Пуціну правесці парад на 9 мая без эксцэсаў, але аддае ў гэтай справе ініцыятыву ў рукі Украіны. Калі Расія не будзе выконваць украінскае перамір'е, то Украіна мае поўнае маральнае права не выконваць расійскага — і мець апраўданне перад прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, які раней падтрымаў ідэю Пуціна, выказаную яму ў тэлефоннай размове 29 красавіка, і нават назваў сябе яго ініцыятарам.

«Пара расійскім правадырам рабіць рэальныя крокі для завяршэння іх вайны, калі ўжо расійскае Міністэрства абароны лічыць, што не правядзе парад у Маскве без добрай волі Украіны», — адзначыў украінскі лідар.

Чытайце таксама:

У Расіі аб'явілі перамір'е на 8 і 9 мая і пагражаюць ударыць па цэнтры Кіева

Уладзімір Зяленскі адказаў на пытанне, «ці ўкраінская дэлегацыя паляціць на парад у Маскву»

У Маскве заявілі, што ў Кіева згоды на перамір'е ніхто і не пытаецца. Хапае і рашэння Пуціна

Трамп расказаў пра «вельмі добрую» размову з Пуціным і назваў сябе ініцыятарам перамір'я

Пуцін патэлефанаваў Трампу і прапанаваў аб'явіць перамір'е «на перыяд Дня Перамогі»

Каментары да артыкула