БЕЛ Ł РУС

Фінляндыя, Данія, Нарвегія. Або Грэцыя ці Францыя? Топ сёлетняга «Еўрабачання»

16.05.2026 / 13:29

Сафія Смірніцкая

Класічная музыка, поп-нумары і фрыкі, без якіх не было б то «Еўрабачанне». Хто можа сёння выйграць фінал?

Па стане на раніцу суботы фаварытам букмекеры называюць дуэт з Фінляндыі. Фота: Christian Bruna/Getty Images

Фінляндыя: Linda Lampenius і Pete Parkkonen — Liekinheitin

Фінляндыя вязе на Еўрабачанне сапраўдны хіт. Букмекеры прагназуюць гэтай песні першае месца. У трэку Liekinheitin скамбінавалі запамінальную мелодыю на мяжы рока з танцавальнай музыкай, вакал спевака Пеце Парканена і жывую ігру на скрыпцы сусветна вядомай скрыпачкі Лінды Лампеніюс. 

Грэцыя: Akylas — Ferto

Для сёлетняга выступу грэкі прапануюць хуткую танцавальную музыку з нацыянальнымі матывамі. У гэтую абгортку яны схавалі яркі сацыяльны тэкст. Ferto ад рэпера Akylas — песня пра чалавечую прагнасць і імкненне спажываць больш чым трэба, якое ідзе ад пустаты ў чалавечай душы. А яшчэ Akylas — адзін з тых тыпова еўрабачанскіх дзівакоў. 

Данія: Søren Torpegaard Lund — Før vi går hjem

Дацкі прадстаўнік Сёрэн Торпегар адказвае на сёлетнім «Еўрабачанні» за якасную поп-музыку. На конкурс ён прадставіць пеcню Før Vi Går Hjem. Падчас нацыянальнага фіналу Сёрэн спяваў у шкляным боксе з неонам, дымам і пластычнай падтанцоўкай. Усе кампаненты хіта для «Еўрабачання» на месцы, але ці хопіць гэтага для перамогі?

Чэхія: Daniel Žižka — Crossroads

Чэхі яшчэ ніколі не мелі поспеху на «Еўрабачанні». За 13 гадоў удзелу яны толькі пяць разоў прабіліся ў фінал і ніколі не займалі месца вышэйшага за шостае. Наўрад ці песня Crossroads ад Даніэля Жыжкі дапаможа ім пераламаць трэнд — надта яна для гэтага самабытная. Але гэта не перашкодзіць нам атрымаць задавальненне ад моцнага вакалу Жыжкі і атмасфернай музыкі.

Ізраіль: Noam Bettan — Michelle

Ноам Бетан сёлета скрадзе ўсе сэрцайкі глядачак «Еўрабачання». Галасісты спявак з Ізраіля выступіць з песняй Michelle на трох мовах: чакайце іўрыт, французскую і англійскую мовы. Гэтая песня пра таксічнае каханне мае такую запамінальную мелодыю, што выкінуць яе з галавы будзе няпроста — а значыць, слухачы не забудуць, за каго галасаваць.

Ужо не першы год ёсць шмат палемікі вакол удзелу Ізраіля ў конкурсе — праз баявыя дзеянні супраць Палесціны, за якія Ізраіль абвінавачваюць у генацыдзе палесцінцаў. Сёлета з гэтай нагоды ў знак пратэсту конкурс прапусцяць Іспанія, Ісландыя, Нідэрланды, Славенія і Ірландыя.

Францыя: Monroe — Regarde!

Таленавітая і абаяльная Monroe выступіць з песняй у стылі поп-опера, чым падтрымае ледзь не самы надзейны трэнд «Еўрабачання» — у мінулыя два гады перамаглі песні ў тым жа стылі. Будзе і яшчэ адзін трэнд, скрыпка, які мы сёння ўжо згадвалі вышэй. Хаця што яшчэ везці ў Вену, акрамя як класіку? Здаецца, Monroe усё яшчэ можа скласці канкурэнцыю на гэтым конкурсе.

Нарвегія: Jonas Lovv — Ya Ya Ya

На гэтым месцы мог быць Аляксандр Рыбак, які сёлета спрабаваў зноў трапіць на «Еўрабачанне». Але замест яго на конкурс едзе нарвежац Ёнас Лов. Са сваімі вусамі, чорным камбінезонам і характэрнымі рухамі на сцэне ён бессаромна капіруе Фрэдзі Мерк'юры. Выйсці на сцэну з рок-музыкай у год, калі навокал пануе адна папса і опера — смела, вельмі смела.

Пачатак фіналу а 22‑й па Мінску.

Чытайце таксама:

«Еўрабачанне» запускае конкурс у Азіі

Начны Раман стварае песні з вайбам 90‑х на беларускай мове

Чым займаецца ўнук вядомага кампазітара і аўтара «Калыханкі» Васіля Раінчыка?

Каментары да артыкула