БЕЛ Ł РУС

Гарбатага кіта Цімі нарэшце выпусцілі ў Паўночнае мора. Але выжыць яму будзе складана

3.05.2026 / 09:51

Nashaniva.com

Працяглую выратавальную аперацыю па выратаванні гарбатага кіта па мянушцы Цімі нарэшце закончылі. Раніцай 2 мая жывёліну адпусцілі на волю ў Паўночным моры, паведамляе Euronews.

Скрыншот з відэа

Раней кіта вывезлі з мелкаводнага заліва Балтыйскага мора каля нямецкага вострава Пёль. Пасля гэтага некалькі дзён яго перавозілі на баржы, каб вярнуць у больш прыдатнае асяроддзе.

Паводле прадстаўніка прыватнай ратавальнай арганізацыі Енса Шварка, каля 9‑й гадзіны раніцы 2 мая кіта ўжо не было на баржы, што сведчыць пра яго вызваленне.

Паводле першапачатковай інфармацыі, капітан буксіра распарадзіўся выпусціць жывёліну. Аднак, верагодна, кіта адпусцілі не ў тым месцы, якое планавалася спачатку. Замест гэтага яго выпусцілі прыкладна за 70 кіламетраў на поўнач ад дацкага Скагена.

Прадстаўнікі Greenpeace адзначылі, што гэта ажыўлены суднаходны маршрут, таму пакуль невядома, ці зможа жывёла бяспечна выжыць у такіх умовах. На кіце ўсталявалі перадатчык для далейшага адсочвання яго лёсу, але сігналу ад яго пакуль не атрымлівалі.

У пятніцу, 1 мая, транспартаванне часова затрымалася з-за дрэннага надвор’я. Пры ветры да 6 балаў на пераходзе паміж Балтыйскім і Паўночным морамі хвалі дасягалі паўтара метра, што было небяспечна для баржы.

Пазней увечары сітуацыя палепшылася. Каля 19:20 гарбаты кіт самастойна і мэтанакіравана наблізіўся да спуску з баржы.

Упершыню Цімі заўважылі 23 сакавіка каля балтыйскага ўзбярэжжа Германіі — далёка ад яго натуральнага асяроддзя. Мяркуецца, ён заблытаўся ў рыбалоўных сетках. Яму некалькі разоў спрабавалі дапамагчы сысці з мелі і вярнуцца ў акіян, але беспаспяхова. Ад жывёліны былі ўжо адступіліся і пакінулі на волю лёсу, але пасля ратавальную аперацыю пагадзіліся прафінансаваць два нямецкія мультымільянеры, і яна аднавілася

Праўда, біёлагі сумняваюцца, што пасля доўгага знаходжання на мелі кіт зможа нармальна плаваць і харчавацца. Яго далейшы лёс пакуль пад пытаннем.

Чытайце таксама:

Да балтыйскага ўзбярэжжа Германіі прыплыў гарбаты кіт і сеў на мель. Яго тыдзень спрабавалі ўратаваць, але не змаглі

У Германіі зноў пачынаюць аперацыю па ратаванні гарбатага кіта Цімі. Паўмесяца таму на яго ўжо махнулі рукой

Гарбаты кіт Цімі жывы і нарэшце кіруецца ў Паўночнае мора. Аперацыя па яго выратаванні цягнулася два месяцы

Каментары да артыкула