БЕЛ Ł РУС

Для палёту Роберта Фіца да Пуціна на 9 мая руку дапамогі працягнула Чэхія

3.05.2026 / 08:42

Nashaniva.com

Сталі вядомыя падрабязнасці будучай паездкі прэм’ер-міністра Славакіі Роберта Фіца ў Маскву на 9 мая. Ягоны пералёт можа заняць ад 4 да 8 гадзін у залежнасці ад абранага маршруту. Адной з ключавых краін транзіту стане Чэхія, якая ўжо дала дазвол на пралёт самалёта, паведамляе RTVI.

Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца з Уладзімірам Пуціным у Маскве 22 снежня 2024 года. Фота: Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Паведамляецца, што найбольш хуткім варыянтам лічыцца паўночны маршрут. Ён праходзіць праз паветраную прастору Чэхіі і Германіі, пасля чаго самалёт павінен выйсці да Балтыйскага мора, далей праляцець у бок Фінскага заліва і там увайсці ў паветраную прастору Расіі. Пры неабходнасці самалёт Фіца можа зрабіць пасадку для дазапраўкі ў Калінінградзе.

Паўднёвы маршрут, праз тэрыторыі балканскіх краін і Грузіі, займаў бы ўдвая больш часу.

Раней паведамлялася, што Латвія, Літва, Польшча і Эстонія не далі дазвол на пралёт. Таму разглядаліся іншыя варыянты маршруту.

Таксама абмяркоўвалася магчымасць паездкі ў Маскву па зямлі — на аўтамабілі. Аднак такая дарога магла заняць ад 18 да 21 гадзіны ў залежнасці ад надвор’я, сітуацыі на дарогах і часу праходжання межаў.

Сам Роберт Фіца раней заяўляў, што мае намер 9 мая ўскласці кветкі да Магілы невядомага салдата каля Крамлёўскай сцяны і сустрэцца з Уладзімірам Пуціным. Паводле яго слоў, гэта нібыта робіцца дзеля ўшанавання чырвонаармейцаў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Славакіі.

Пры гэтым ён адзначаў, што не плануе прысутнічаць на парадзе на Краснай плошчы.

Таксама чакаецца, што ў Маскву 9 мая могуць прыехаць і іншыя замежныя кіраўнікі. У Крамлі заявілі, што спіс гасцей будзе агучаны пазней.

Чытайце таксама:

У Крамлі заявілі, што прэм'ер Славакіі будзе прысутнічаць на парадзе 9 мая

Літва не адкрые паветраную прастору для палёту Фіца ў Маскву на Дзень Перамогі

Прэм'ер Славакіі Фіца адпрацаваў начную змену грузчыкам у гонар 1 Мая

Каментары да артыкула