Стала вядома, якое крутое піке зрабіла кар'ера Ігара Бузоўскага
У кастрычніку мінулага года стала вядома, што на пасаду рэктара Акадэміі кіравання замест Ігара Бузоўскага Лукашэнка прызначыў Дзяніса Дука. Бузоўскі перад тым узначальваў ВНУ толькі трошкі больш за год, а да таго кіраваў БРСМ, працаваў на высокіх пасадах у адміністрацыі Лукашэнкі і ва ўрадзе. Цяпер жа высветлілася, якое далейшае прымяненне знайшлі для дасведчанага 53‑гадовага чыноўніка.
Ігар Бузоўскі
Яшчэ 12 сакавіка адбыўся пленум Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, на якім старшынёй гэтага аб'яднання аднагалосна выбралі Ігара Бузоўскага. Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько, прадстаўляючы яго, не шкадаваў казённых хвалебных слоў:
«За час працы зарэкамендаваў сябе як пісьменны, усебакова эрудыраваны, сучасны кіраўнік, які валодае дзелавымі якасцямі і арганізатарскімі здольнасцямі. Настойлівы ў дасягненні пастаўленых мэтаў, прынцыповы ў вырашэнні службовых пытанняў. У працы не лічыцца з асабістым часам, у прафесійнай дзейнасці вылучаецца высокім узроўнем адказнасці і кампетэнтнасці. Для стылю яго працы характэрныя паслядоўнасць, сістэмны падыход і ініцыятыўнасць».
Нягледзячы на нібыта наяўнасць такіх высокіх прафесійных якасцяў, прызначэнне на гэтую «пенсіянерскую», зусім не ўплывовую пасаду выглядае для ўсяго толькі 53‑гадовага Ігара Бузоўскага яўным кар'ерным крахам, улічваючы тыя вышыні, на якія ён забіраўся раней.
Ураджэнец вёскі Кашалева Навагрудскага раёна пасля заканчэння ў пачатку 1990‑х Мінскага вышэйшага вайсковага каманднага вучылішча крыху паслужыў у войску і папрацаваў у сістэме адукацыі, а пасля пайшоў рабіць кар'еру, займаючы спачатку нізавыя пасады ў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і адміністрацыі Лукашэнкі.
Сапраўдны ягоны ўзлёт пачаўся ў 2010 годзе, калі Бузоўскі быў абраны першым сакратаром ЦК БРСМ і быў прызначаны членам Савета Рэспублікі. У 2014—2016 гадах займаў пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, будучы фактычна галоўным ідэолагам краіны. Пасля з 2017 года ўзначальваў адміністрацыю Цэнтральнага раёна Мінска, з 2018 па 2024 працаваў намеснікам міністра інфармацыі Беларусі.
Летам 2024 года быў прызначаны рэктарам Акадэміі кіравання пры Лукашэнку, дзе працаваў да восені 2025 года. І, як выглядае, там настолькі не справіўся, што ўсё раптоўна скончылася ссылкай на другасную пасаду ў прафсаюзы.
Чытайце таксама:
Дзяніс Дук прызначаны рэктарам Акадэміі кіравання
Дзе цяпер героі мемнага відэа БРСМ пра выбары-дурыбары?
Намеснік міністра інфармацыі любіць Караткевіча і Маўра, але галоўныя творцы не яны
Ад беларусафоба Замяталіна да сталініста Рубінава: як склаўся лёс галоўных ідэолагаў краіны