«Яна непрымальная». Трампа расцвяліла нават Джорджа Мелоні
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у інтэрв’ю італьянскай газеце Corriere della Sera абрынуўся з рэзкай крытыкай на прэм'ер-міністарку Італіі Джорджу Мелоні, якой раней, як палітыку правага кірунку, удавалася даволі добра ладзіць з гаспадаром Белага дома.
Джорджа Мелоні. Фота: Antonio Masiello/Getty Images
«Ці падабаецца італьянцам, што іх прэм’ер-міністр нічога не робіць для таго, каб атрымаць нафту? Людзям гэта падабаецца? Я не магу сабе гэтага ўявіць. Я ўражаны ёю. Я думаў, што яна смелая, але памыляўся.
Яна кажа, што Італія не хоча быць уключанай (у разблакаванне Армузскага праліва — Рэд.), хоць Італія атрымлівае сваю нафту адтуль. Амерыка вельмі важная для Італіі, але яна лічыць, што Італія не павінна быць уключанай. Яна лічыць, што Амерыка павінна рабіць гэтую працу за яе», — заявіў Трамп.
На пытанне, ці абмяркоўваў ён гэта пытанне з Мелоні, Трамп адказаў, што не, і наогул яны ўжо вельмі даўно не размаўлялі з прэм’ер-міністрам Італіі.
Перад гэтым Джорджа Мелоні заступілася за груба раскрытыкаванага Трампам Папу Льва XIV, заявіўшы:
«Заявы, асабліва на адрас Папы, былі непрымальныя. Я выказваю і працягваю выказваць сваю салідарнасць з Папам».
На пытанне журналістаў пра тое, што ён думае пра гэтыя словы італьянскай прэм'еркі, Трамп адказаў:
«Гэта яна непрымальная, бо ёй усё роўна, ці будзе Іран мець ядзерную зброю, ён узарваў бы Італію за дзве хвіліны, каб меў такую магчымасць.
Яна не хоча дапамагаць нам у межах НАТА, не хоча дапамагаць нам пазбавіцца ядзернай зброі. Яна вельмі адрозніваецца ад той, якой я яе лічыў».
Яшчэ месяц таму Трамп называў Мелоні «сяброўкай і вялікім лідарам, што заўсёды спрабуе дапамагчы». Зараз жа ён упэўнены, што «яна ўжо не той самы чалавек, і Італія не будзе той самай краінай, — іміграцыя забівае Італію і ўсю Еўропу».
«Еўрапейцы плацяць самыя высокія ў свеце цэны за энергію і нават не гатовыя змагацца за Армузскі праліў, адкуль яе атрымліваюць. Яны залежаць ад Дональда Трампа, каб ён трымаў яго адкрытым. Я прасіў даслаць усё, што ў іх ёсць, але яны не хочуць, бо НАТА — гэта папяровы тыгр», — кажа Трамп.
Што тычыцца Папы, то ён, на думку прэзідэнта ЗША, не разумее, што Іран нясе ядзерную пагрозу:
«Ён не разумее, і яму не варта казаць пра вайну, бо ён не мае ўяўлення пра тое, што адбываецца. Ён не разумее, што ў Іране ў мінулым месяцы забілі 42 тысячы дэманстрантаў».
Раней папа Леў XIV заклікаў да міру і асудзіў «дэманстрацыю сілы», а таксама «ідалапаклонства перад сабой і грашыма». У СМІ гэтыя словы расцанілі як намёк на Трампа.
Чытайце таксама:
«Я думаў, што я ў ролі доктара». Трамп патлумачыў, навошта ён запосціў сябе ў вобразе Хрыста
Былы кіраўнік ЦРУ заклікаў адхіліць Трампа ад пасады прэзідэнта