Польшча пачала будаваць новую загароду на мяжы з Беларуссю
На польска-беларускай мяжы пачалося будаўніцтва дадатковай спецыяльнай загароды, якая павінна ўзмацніць існуючы бар'ер, паведамляе RMF FM. Гэта чатырохметровая сетка каля тэхнічнай дарогі, увянчаная калючым дротам, а дадаткова — скруткі дроту і двухметровая агароджа з боку лесу, якая павінна абараняць жывёл ад раненняў.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo / Rafal Niedzielski
Будаўніцтва загароды пачалося адначасова ў пяці месцах.
«Мы вызначылі іх з пункту гледжання магчымага перасячэння мяжы асобамі, якія хочуць трапіць у нашу краіну нелегальна», — пракаментаваў камендант Падляшскага аддзела польскай памежнай службы генерал Славамір Клякотка.
Новая ўстаноўка запаволіць спробы нелегальнага перасячэння мяжы мігрантамі.
«Гэта дасць нам час на рэагаванне. Тут ужо будзе вельмі вялікі шанец, каб гэтых асоб перш за ўсё затрымаць і адабраць у іх інструменты, бо ўсё гэта будзе адбывацца ўжо цалкам на польскім баку», — кажа генерал Клякотка.
Загарода павінна з'явіцца да канца вясны на ўсім 186‑кіламетровым участку мяжы на Падляшшы.